У Брытаніі чарнаскурая жанчына ўпершыню ўзначаліла адну з найбуйнейшых партый

Кэмі Бэйднак

Брытанская Кансэрватыўная партыя абрала лідэрам 44-гадовую дэпутатку Палаты абшчын Кэмі Бэйднак (Badenoch). Яна стала першай чарнаскурай жанчынай на чале буйной брытанскай партыі.

Яна зьмяніла на пасадзе былога кіраўніка ўраду Рышы Сунака, у ягоным кабінэце Бэйднак узначальвала міністэрства прадпрымальніцтв і гандлю і міністэрства ў пытаньнях роўнапраўя.

Пры Сунаку кансэрватары пацярпелі адну з найбуйнейшых паразаў на выбарах у сваёй гісторыі. Пасля ўсеагульных выбараў у ліпені партыі ўдалося захаваць толькі 121 мандат з 365, якія належалі ёй у 650-мясцовай Палаце абшчын. Сунак пайшоў у адстаўку, за пасаду кіраўніка партыі спаборнічалі некалькі былых міністраў. Бэйднак перамагла на партыйных выбарах былога міністра іміграцыі Робэрта Джэрыка, які пабудаваў кампанію на антыімігранцкай рыторыцы, перадае Бі-бі-сі. Кансэрватыўная партыя стагодзьдзямі дамінавала ў брытанскай палітыцы, але перасварылася і развалілася пасля брэкзыту.

Бэйднак нарадзілася ў Лёндане, у сям’і імігрантаў з Нігэрыі, і значную частку дзяцінства правяла ў гэтай краіне. Яна скончыла Унівэрсытэт Сасэкса па спэцыяльнасьці інжынэра кампутарызаваных сыстэм і пачала кар’еру праграмістам. Пазьней вучылася на юрыста.

У 2015 годзе яна была абраная ў Лёнданскую асамблею, пазьней займала шэраг урадавых пасад ва ўрадзе прэм’ер-міністра Барыса Джонсана. У наступным урадзе Ліз Трас яна займала пасаду міністра зьнешняга гандлю.

Бэйднак вядомая як вялікая прыхільніца былой лідэркі кансэрватараў і прэм’ера Маргарэт Тэтчэр, яна называе сябе праціўніцай мультыкультуралізму і радыкальна левай культуры. Яна выступае за зьніжэньне падаткаў і гандлёвых абмежаваньняў і вядомая крытыкай урадавай праграмы зьніжэньня вугляроднага сьледу.

Падчас перадвыбарнай кампаніі яе крытыкавалі за словы аб тым, што «ня ўсе культуры раўназначныя па сваім укладзе», адзначае The Assotiated Press.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шчыльна супрацоўнічаем зь Літвой». Вялікая Брытанія пра перадачу ў Гаагу матэрыялаў супраць Лукашэнкі