Наступствы 8-гадзіннай атакі дронаў у Кіеўскай вобласьці

Пажар у Кіеце ў выніку атакі дронаў 2 лістапада

У Кіеўскай вобласьці Ўкраіны ў выніку атакі расейскіх ударных дронаў, якая доўжылася больш за 8 гадзін, пашкоджаныя лініі электраперадач, піша ўкраінская служба Радыё Свабода са спасылкай на старшыню Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Руслана Краўчанку.

Паводле яго, у чатырох раёнах вобласьці пашкоджаныя восем прыватных дамоў, кватэра ў шматпавярховым доме і дзьве гаспадарчыя пабудовы.

«Акрамя таго, атрымалі пашкоджаньні лініі электраперадач. У адным з населеных пунктаў вобласьці безь сьвятла засталося 1860 кватэр. Таксама ў выніку падзеньня абломкаў збітых цэляў у прыватнай гаспадарцы згарэў камбайн», — адзначыў кіраўнік рэгіёну.

Пры атацы дронаў быў паранены паліцыянт, які дапамагаў жыхарам дома, дзе ўзьнік пажар пасьля падзеньня абломкаў беспілётніка.

Акрамя Кіеўскай, былі атакаваныя Палтаўская, Адэская і Сумская вобласьці, пашкоджаныя шматкватэрныя і прыватныя дамы.

На працягу кастрычніка Расея выпусьціла па Ўкраіне 1908 «Шахедаў», падлічылі ў МЗС Украіны. Гэта каля 62 дронаў на дзень. У верасьні іх было на 43% менш.

  • У ноч на 2 лістапада Расея выпусьціла па тэрыторыі Украіны 70 «Шахедаў». Супрацьпаветраная абарона працавала ў чатырох абласьцях, гаворыцца ў паведамленьні Паветраных сіл УСУ.
  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, КАБамі — атакуюць украінскія рэгіёны.
  • Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, забіваючы насельніцтва і разбураючы шпіталі, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўвогуле ня ўцягнуты ў гэты канфлікт». Навошта Лукашэнка імкнецца дыстанцыявацца ад пуцінскай вайны