Латвія завяршыла будаўніцтва 145-кілямэтровага плота на мяжы зь Беларусьсю

Памежны слуп

У Міністэрстве ўнутраных спраў Латвіі расказалі аб тэмпах будаўніцтва інфраструктуры на мяжы Латвіі з Расеяй і Беларусьсю, паведамляе Delfi.

Паводле МУС, на латвійска-беларускай мяжы цалкам завершанае будаўніцтва памежнага плота працягласьцю каля 145 кілямэтраў.

Таксама пабудаваныя патрульныя сьцежкі для транспарту працягласьцю 63,85 км. Патрульныя сьцежкі з насьцілу збудаваныя на 18,53 км, а пантонныя сьцежкі — на 1,75 км. Іх будаўніцтва будзе працягвацца да канца году на ўсёй працягласьці мяжы 173 км.

На ўчастку каля ракі Даўгава на латвійска-беларускай мяжы ідзе ўстаноўка шасьці мэталічных вежаў сувязі, пад’язных дарог і патрульнай сьцежкі.

Пачалі будаўніцтва пяці вежаў сувязі і пад’язных дарог да іх, якія таксама плянуецца завяршыць да канца году.

Вежы і дарогі забясьпечаць назіраньне за зьнешняй сухапутнай мяжой Латвіі на ўчастку ля Даўгавы.

  • Тры краіны Балтыі яшчэ ў студзені абвясьцілі пра плян стварэньня «Балтыйскай лініі абароны».
  • Нядаўна прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск абвясьціў, што на межах з РФ і Беларусьсю пачалося будаўніцтва сыстэмы ўмацаваньняў «Усходні шчыт».
  • Эстонія, Латвія, Літва і Польшча маюць намер зьвярнуцца ў Эўрапейскі зьвяз для фінансаваньня будаўніцтва сеткі бункераў, бар’ераў, разьмеркавальных ліній і вайсковых складоў уздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Туск заявіў, што Польшча вырашыла хутка мадэрнізаваць загароду на мяжы зь Беларусьсю