Сілавікі прыходзяць у асноўным да тых, хто раней затрымліваўся па пратэставых адміністрацыйных артыкулах. Вядома пра выпадкі жорсткіх затрыманьняў, з неабгрунтаваным прымяненьнем сілы. Паводле праваабаронцаў «Вясны», перад затрыманьнямі ў некаторых людзей адключаюць мабільную сувязь праз апэратара. Ёсьць таксама інфармацыя пра затрыманьні людзей, якія вярнуліся з-за мяжы.
Музыку Сяргея Горлава судзяць паводле чатырох палітычных артыкулаў
У Менскім гарадзкім судзе 1 лістапада пачалі судзіць 45-гадовага Сяргея Горлава, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці», «заклікі да санкцый» і «абраза Лукашэнкі».
Верагодна, справа тычыцца камэнтароў. Сяргею пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калёніі. Справу разглядае судзьдзя Алена Шылько.
1 лістапада ў Менску пачалі судзіць затрыманага на мяжы зь Літвой беларуса
Напрыканцы траўня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне двух беларусаў на беларуска-літоўскай мяжы: адзін зь іх быў абвешчаны ў міжнародны вышук і спрабаваў нелегальна трапіць у Літву, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці, а другі быў кіроўцам. Вядома, што Аляксандар доўгі час жыў у ЗША.
64-гадовы Аляксандар Судніковіч у відэа, запісаным пад ціскам сілавікоў, казаў, што ў 2021 годзе пакідаў камэнтары з ухваленьнем дзеяньняў Андрэя Зельцара, які загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыем Федасюком.
Суд над ім распачаўся 1 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс вядзе судзьдзя Яўген Хаткевіч.