Пры крушэньні вайсковага гелікоптэра ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга загінулі два беларусы

Ілюстрацыйнае фота

Пры крушэньні вайсковага гелікоптэра Мі-24 у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) 30 кастрычніка загінулі двое грамадзян Беларусі, а не адзін, як паведамлялася раней.

Пра гэта стала вядома інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» з крыніц, знаёмых з сытуацыяй.

Бартавы тэхнік Станіслаў Карэнскі, які загінуў у аварыі на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорту Ндола ў Кіншасе, быў, як і камандзір экіпажа Віктар Брэжнеў, грамадзянінам Беларусі.

54-гадовы Карэнскі — ураджэнец пасёлку Плешчаніцы Лагойскага раёну (Менская вобласць). Пражываў у Наваполацку (Віцебская вобласьць).

Аб гібелі Брэжнева, грамадзяніна Ўзбэкістана апэратара Жумабеева і бартавога тэхніка Карэнскага паведаміў 31 кастрычніка беларускі тэлеграм-канал «Ад Вінта», прысьвечаны авіяцыі.

Борт належаў кангалезскім ВПС, прычыны аварыі не называліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пілёт, што загінуў у Конга, працаваў на Ўкраіну

Паведамлялася, што Брэжнеў быў прышпілены і памёр на месцы аварыі, Жумабееў і Карэнскі памерлі па дарозе ў бальніцу.

  • У 2017 годзе грамадзяне Беларусі, якія пацярпелі пры крушэньні гелікоптэра ў ДРК, выжылі і былі дастаўлены ў бальніцу.
  • Аб гібелі беларусаў у суседняй з ДРК Рэспубліцы Конга ў выніку крушэньня гелікоптэраў паведамлялася ў 2011 (Аляксандр Косыраў) і 2012 гадах (М. Ф. Чаранкоў).