«Грузія рухаецца ў беларускім кірунку, а Беларусь можа раней за яе далучыцца да Эўразьвязу», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас

Эдвард Лукас

Брытанскі журналіст і аналітык Эдвард Лукас, які спэцыялізуецца ў пытаньнях бясьпекі і геапалітыкі, адказаў на пытаньні Грузінскай службы Радыё Свабода пра вынікі парлямэнцкіх выбараў у Грузіі 26 кастрычніка.

Лукас сказаў пра шматлікія сьведчаньні фальсыфікацый і запалохваньня выбарнікаў. Паводле яго, Грузія цяпер «рухаецца ў кірунку Беларусі».

Адказваючы на пытаньне, ці здолее лідэр урадавай партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі неяк дамовіцца з Захадам, а Захад — зьмірыцца з такой Грузіяй, Лукас сказаў:

— Я думаю, што на гэтае пытаньне маюць адказаць грузіны. Думаю, мы бачым, што [кіраўнік Беларусі Аляксандар] Лукашэнка і ў нейкай ступені [прэзыдэнт Аляксандар] Вучыч у Сэрбіі гуляюць у гэтую гульню, каб выкарыстоўваць Захад у якасьці супрацьвагі іншым. І ўрэшце, нам патрэбная Грузія для некаторых рэчаў: геаграфічнае становішча мае важную ролю, вы — транзытная краіна.

І можа быць так, што празь некалькі месяцаў ці гадоў людзі ў Брусэлі, у Вашынгтоне ці недзе яшчэ скажуць: «Ведаеце, нам трэба перазагрузка; няма сэнсу трымаць Грузію „на марозе“. Там можа быць кепска, але ў Азэрбайджане горш, а мы кантактуем з азэрбайджанцамі, і, урэшце, нам трэба нафта, газ ці нешта яшчэ. Таму, калі мы туды ня прыйдзем, дык будзе яшчэ горш».

Мы гэта таксама пабачылі з Лукашэнкам. Лукашэнка кажа Захаду: «Дайце мне грошай і прызнаньне, і я вызвалю трохі палітвязьняў і паспрабую добра сябе паводзіць».

На пытаньне, як гэта адбілася на Беларусі і на беларускім народзе, Лукас адказаў наступнае:

— Лукашэнка можа казаць, што ён утрымаў Беларусь ад удзелу ў войнах. І, нягледзячы на Лукашэнку, Беларусь у нашмат лепшым стане, чым была 30 гадоў таму. Яна зрабілася сучасным грамадзтвам. І я думаю, што калі Лукашэнка сыдзе, калі будуць спрыяльныя ўмовы і Масква аслабне, можна дапусьціць, што Беларусь далучыцца да Эўразьвязу — раней, чым гэта зробіць Грузія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі расьсьледуюць 47 спраў аб парушэньнях на выбарах. Арыштавалі двух чыноўнікаў за ўкіданьне бюлетэняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка трапіў у пастку. Брытанскі навуковец напісаў пра гэта кнігу