Пра гэта піша ВВС.
Вядомы як «тэарэма бясконцай малпы», матэматычны інтэлектуальны экспэрымэнт доўгі час выкарыстоўваўся для тлумачэньня прынцыпаў імавернасьці і выпадковасьці.
Тым ня менш, новае рэцэнзаванае дасьледаваньне пад кіраўніцтвам дасьледчыкаў з Сыднэя Стывэна Вудкака і Джэя Фалета паказала, што час, які спатрэбіцца малпе, якая друкуе, каб паўтарыць п’есы, санэты і вершы Шэкспіра, будзе большым, чым працягласьць існаваньня нашага сусьвету.
Гэта азначае, што, хоць яна матэматычна праўдзівая, тэарэма «ўводзіць у зман», кажуць яны.
Акрамя вывучэньня здольнасьцей адной малпы, у дасьледаваньні таксама правялі шэраг разьлікаў, заснаваных на цяперашняй сусьветнай папуляцыі шымпанзэ, якая складае прыкладна 200 000 асобін.
Вынікі паказалі, што нават калі б усе шымпанзэ ў сьвеце ўдзельнічалі ў экспэрымэньце і маглі друкаваць з хуткасьцю адна клявіша ў сэкунду да канца сусьвету, яны нават не наблізіліся б да таго, каб надрукаваць творы Шэксьпіра.
Была б 5-працэтная імавернасьць таго, што адна шымпанзэ пасьпяхова набярэ слова «бананы» за сваё жыцьцё. А імавернасьць таго, што шымпанзэ пабудуе выпадковы сказ — напрыклад, «Я шымпанзэ, значыць, я ёсьць» — складае адзін з 10 мільёнаў мільярдаў мільярдаў, паказвае дасьледаваньне.
«Неверагодна, што нават пры паляпшэньні хуткасьці набору тэксту або павелічэньні папуляцыі шымпанзэ праца малпы калі-небудзь стане жыцьцяздольным інструмэнтам для распрацоўкі нетрывіяльных пісьмовых работ», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Нобэлеўскі тыдзень. Першымі агучылі імёны ляўрэатаў у мэдыцынеРазьлікі, якія выкарыстоўваюцца ў артыкуле, заснаваныя на найбольш шырока прынятай гіпотэзе канца сусьвету, якой зьяўляецца тэорыя цеплавой сьмерці.
Нягледзячы на сваю назву, так званая цеплавая сьмерць насамрэч будзе павольнай і халоднай. Гэта сцэнар, у якім сусьвет працягвае пашырацца і астываць — у той час як усё ў ім адмірае, распадаецца і зьнікае.
«Гэта адкрыцьцё ставіць тэарэму сярод іншых імавернасных галаваломак і парадоксаў... дзе выкарыстаньне ідэі бясконцых рэсурсаў дае вынікі, якія не супадаюць з тымі, што мы атрымліваем, калі разглядаць абмежаваньні нашага сусьвету», — сказаў дацэнт Вудкак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію ў хіміі прысудзілі за працу зь бялкамі