Колькасьць загінулых ад паводкі ў Гішпаніі дасягнула 158. У краіне абвясьцілі трохдзённую жалобу

Наступствы паводкі непадалёк ад Валенсіі

Колькасьць загінулых у выніку паводкі ў Гішпаніі дасягнула 158, паведамляе El País са спасылкай на інфармацыю ўладаў.

155 чалавек загінулі ў аўтаномнай супольнасьці Валенсія на поўдні краіны, па адным — у Кастыліі-Ла-Манча і Андалусіі, месца гібелі яшчэ аднаго чалавека не ўдакладняецца.

Улады рэкамэндавалі жыхарам пацярпелых рэгіёнаў не пакідаць дамы.Выратавальная апэрацыя працягваецца, у шэрагу гарадоў па-ранейшаму адзначаны павышаны ўзровень вады, паведамляюць экстраныя службы.

Наступствы паводкі ў Валенсіі, 30 кастрычніка 2024 году

СМІ пішуць пра выпадкі марадзёрства, пракуратура запытала арышты для падазраваных. Для руху закрытыя больш за 150 дарог.

Прычынай паводак на гішпанскіх рэках стаў ураган «Дана», які абрынуўся на краіну 29 кастрычніка.

Мясцовыя актывісты абвінавачваюць улады ў няздольнасьці справіцца з сытуацыяй. Грамадзкія арганізацыі і прафсаюзы маюць намер правесьці акцыю пратэсту ў Валенсіі 9 лістапада. Як сьцьвярджаюць арганізатары, рэгіянальныя ўлады занадта позна адрэагавалі на ўраган, што стала адной з прычынаў вялікай колькасьці ахвяраў.

Наступствы паводкі ў Валенсіі, 31 кастрычніка 2024 году

Мэр валенсійскага Альфафара Хуан Рамон заявіў, што і рэгіянальныя, і цэнтральныя ўлады не надаюць прыкметнай дапамогі гораду, праз гэта частцы мясцовых жыхароў даводзіцца начаваць у дамах разам з целамі загінулых.

Да ліквідацыі наступстваў прыцягнулі нацыянальную гвардыю і вайскоўцаў.

У Гішпаніі аб’явілі трохдзённую жалобу. Кароль Гішпаніі Філіп VI у сацыяльнай сетцы Х прынёс спачуваньні сваякам і блізкім ахвяр урагану, заявіўшы, ён узрушаны маштабамі паводак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў паводкі ў Гішпаніі дасягнула 95 чалавек. ФОТА