У Мінабароны пракамэнтавалі магутны гук над Менскам і ягоным навакольлем. Паводле афіцыйнай прадстаўніцы Міністэрства абароны Беларусі Натальлі Гаўрусік, цяпер праходзіць плянавая праверка дзяжурных сілаў СПА, цытуе яе БелТА.
«Сёньня ў рамках праверкі дзяжурных сілаў па СПА, якая праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Паўла Муравейкі, быў узьняты экіпаж зьнішчальніка Су-30 СМ.
Дзейнічаючы па зададзенай у рамках праверкі кантрольнай цэлі, самалёт павялічыў хуткасьць пры наборы вышыні, каб перахапіць вучэбную кантрольную цэль. У такіх выпадках паветранае судна пераходзіць на звышгук. Пры гэтым можа ўзьнікаць адчувальны гукавы эфэкт. Рэжым палёту самалёта адпавядаў правілам бясьпекі палётаў», — заявілі ў Мінабароны.
Пра гук выбуху ў Менску раніцай 31 кастрычніка з спасылкай на відавочцаў расказаў шэраг незалежных выданьняў.
Падобны да выбуху гук быў чуваць каля 14:15 — у раёне парку Чалюскінцаў, у Малінаўцы, ва Ўруччы і нават у Ратамцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы Ўкраіну атакавалі каля 80 дронаў, адзін зь іх паляцеў у напрамку Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь пасьля расейскай начной атакі ўкраінскіх гарадоў зноў прыляцелі два дроны