Згодна з праектам закону аб зьменах у Падатковы кодэкс, сярод іншага плянуецца павялічыць стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы і алькаголь.
Таксама праектам прадугледжаная індэксацыя падатковых ставак на 2025 год: стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасьць, экалягічнага падатку, падаходнага падатку зь фізычных асоб у фіксаваных сумах праіндэксуюць на 5,4% — на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе.
Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, таксама ў праекце закону прапанавалі зьняць абмежаваньне ў частцы аднаразовага маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія будуюць ці набываюць жытло; пашырылі пералік маладых спэцыялістаў, якія атрымалі вышэйшую, навукова-арыентаваную сярэднюю спэцыяльную ці прафэсійна-тэхнічную адукацыю і маюць права на атрыманьне стандартнага падатковага выліку, а таксама прадугледзелі адмену «асобных малаэфэктыўных падатковых ільготаў» або іх трансфармацыю ў паніжаныя стаўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 34 мільярды рублёў. Як павялічваецца падатковая нагрузка на беларусаўТаксама ў першым чытаньні прыняты праект рэспубліканскага бюджэту на 2025 год. Бюджэт сфармаваны з дэфіцытам 4,459 млрд рублёў. Даходы рэспубліканскага бюджэту заплянаваныя ў памеры 45,835 млрд рублёў, а выдаткі — у 50,295 млрд рублёў.
У параўнаньні з ацэнкай паступленьняў на гэты год даходы павялічаныя на 8,1%, а выдаткі — на 12%.
Плянуецца, што асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту стануць падатак на даданую вартасьць, акцызы і падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
Як вынікае з раней апублікаванага праекту бюджэту, у ім закладзены далейшы рост выдаткаў на нацыянальную абарону, судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і гарантаваньне бясьпекі. Яны павялічацца на 1,82 млрд рублёў. У бюджэце 2024 году гэтыя выдаткі таксама былі павялічаныя (на 1,4 млрд рублёў) у параўнаньні з папярэднім годам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту на наступны год, у ім прадугледжаны рост выдаткаў на абарону і сілавікоў