Пракуратура Грузіі паведаміла аб расьсьледаваньні 27 крымінальных спраў паводле фактаў імаверных злачынстваў, учыненых у перадвыбарчы пэрыяд і ў дзень выбараў.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», расьсьледаваньнем займаюцца Спэцыяльная сьледчая служба і Міністэрства ўнутраных спраў.
У той жа час выданьне адзначае, што пракуратура паведаміла, што грамадзяне, якія публічна заяўлялі аб фальсыфікацыях на выбарах, адмовіліся ад супрацы зь сьледзтвам.
Крымінальныя справы, якія цяпер расьсьледуюцца, датычаць фальсыфікацыі выбараў, уплыву на выбарнікаў і іх подкупу, парушэньня таямніцы галасаваньня, перашкаджаньня працы журналістаў, гвалту і пагроз, а таксама зьнішчэньня маёмасьці ў памяшканьні выбарчай камісіі або ў часе перадвыбарчай агітацыі.
Расьсьледаваньне пачалі на падставе зваротаў апазыцыі, палітычных партый, ЦВК, няўрадавых арганізацый, а таксама на падставе інфармацыі, якую публікавалі СМІ.
31 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі паведаміла пра арышт намесьніка старшыні Марнэульскай гарадзкой рады Раўшана Іскандарава і яшчэ аднаго чалавека. Іх абвінавачваюць ва ўкіданьні бюлетэняў з парушэньнем закону.
30 кастрычніка пракуратура выклікала на допыт прэзыдэнтку краіны Саламэ Зурабішвілі празь яе заявы пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў у парлямэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Грузіі выклікала на допыт прэзыдэнтку Зурабішвілі ў сувязі зь яе заявамі аб фальсыфікацыі вынікаў выбараўПарлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле дадзеных ЦВК, перамогу здабыла кіроўная партыя «Грузінская мара», якая набрала амаль 54% галасоў. У адпаведнасьці з законамі Грузіі гэтая партыя атрымлівае права аднаасобна сфармаваць урад. Пяціпрацэнтны бар’ер пераадолелі чатыры апазыцыйныя партыі: «Кааліцыя за перамены», «Адзінства — Нацыянальны рух», «Моцная Грузія» і «Гахарыя за Грузію».
Зурабішвілі і апазыцыя заявілі, што каля 300 тысяч галасоў былі сфальсыфікаваныя на карысьць кіроўнай партыі. Прэзыдэнтка таксама адзначала расейскія наратывы, якія «Грузінская мара» выкарыстала ў сваёй перадвыбарнай кампаніі.
Прадстаўнікі АБСЭ заявілі, што выбарчы працэс у Грузіі не адпавядаў міжнародным дэмакратычным стандартам у дастатковай меры. Арганізацыя адзначыла выпадкі подкупу галасоў, падвойнага галасаваньня, фізычнага гвалту і запалохваньня. Пры гэтым факту прамых фальсыфікацый АБСЭ не пацьвердзіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пратэсты супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Апазыцыя патрабуе паўторных выбараў28 кастрычніка ў Тбілісі прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазыцыі, на якім Зурабішвілі заявіла, што размаўляла зь лідэрамі заходніх краін, і яны пагадзіліся зь нелегітымнасьцю выбараў.
«Грузінская мара», якая знаходзіцца ва ўладзе з 2012 году, раней праводзіла празаходнюю палітыку, але ў апошнія два гады зьмяніла курс на Расею, адзначае Радыё Свабода. Партыя паведамленьні пра гэта называла не адпаведнымі рэчаіснасьці.
Расея сваё ўмяшаньне ў грузінскія выбары адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адразу некалькі краін заявілі аб спыненьні супрацы з Грузіяй пасьля супярэчлівых выбараў