Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене паведаміла пра візыт групы эўрапейскіх дыпляматаў у месца масавых расстрэлаў грамадзян савецкім НКВД.
«Напярэдадні Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпляматы краін Эўрапейскага зьвязу наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незьлічоныя жыцьці і таленты, зьнішчаныя пошасьцю таталітарызму», — напісала яна ў сацыяльнай сетцы Х (колішні Twitter).
За ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў. Падзеі атрымалі назву «чорнай ночы».
Але масавае зьнішчэньне людзей праходзіла ў Курапатах і ў шматлікіх іншых месцах Беларусі рэгулярна. Дакладнай колькасьці ахвяр камуністычнага тэрору немагчыма падлічыць нават сёньня.
Архівы КДБ пры Лукашэнку засакрэчаныя. Таксама пры цяперашняй уладзе Беларусі месцы памяці ў Курапатах і іншых мясцовасьцях неаднаразова апаганьвалі, ламалі помнікі і зносілі крыжы. Ніводзін з вандалаў ня быў злоўлены і пакараны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «100–300 асобнікаў». Якімі накладамі выдаюць расстраляных паэтаў і дзе можна пачытаць іхныя творы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вандалы зьнішчылі крыжы і стэнды ў «Віцебскіх Курапатах»