Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: у Берасьці і Віцебску судзяць былых палітвязьняў; ператрусы ў Смаргонях і Ваўкавыску

Суд у Віцебску. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

70-гадовага былога палітвязьня судзяць за «распаўсюд экстрэмізму»

Аляксандра Патапава зь вёскі Хатоля Віцебскай вобласьці затрымалі ў канцы жніўня 2022 году ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у «Аднаклясьніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур’ёзна параненая. Пасьля гэтага, 8 і 16 ліпеня 2022 году, Патапаў разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі». Пазьней мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі.

Пэнсіянэра вызвалілі гэтай вясной пасьля адбыцьця тэрміну.

Аднак з 31 кастрычніка Патапава зноў судзяць у судзе Віцебскага раёну, яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс вядзе Міхаіл Зубеня, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: у Пінску яшчэ дваіх судзяць за пратэсты 2020 года

Былога палітвязьня з Баранавічаў зноў судзяць

Суд над былым палітвязьнем Віталём Коршунам ідзе ў Берасьцейскім абласным судзе, паведамляе «Вясна». Яму закідаюць пяць палітычных артыкулаў:

  • «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу),
  • «Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК),
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК),
  • «Заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361),
  • «Распальваньне варожасьці або звады» (ч. 1 арт. 130 КК).

Палітвязьню пагражае да 12 гадоў калёніі.

Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га за камэнтар пра тое, што «трэба шукаць адрас нейкага амапаўца». Па вэрсіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прызначылі два месяцы арышту.

Наступны раз Віталя затрымалі ў студзені 2024 году. Яго справу разглядае Сьвятлана Крамянеўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 кастрычніка: суд у Магілёве за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве»

Ператрусы ў Смаргонях і Ваўкавыску

31 кастрычніка тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» паведамілі, што ў Смаргонях і Ваўкавыску адбываюцца масавыя ператрусы і затрыманьні. Правяраюць інфармацыю на мабільніках і геалякацыю тэлефонаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, то выклікаюць у аддзяленьне, пішуць праваабаронцы «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 лістапада: менчука судзяць за пратэсты 2020 году