Помнік у выглядзе сымбалічнага крыжа быў устаноўлены ў пачатку 1990-х гадоў на Левашоўскіх мэмарыяльных могілках, якія выкарыстоўваліся як месца пахаваньня загінулых у турмах Ленінграду.
У мэрыі Пецярбургу, камэнтуючы дэмантаж, заявілі, што «супрацоўнікі могілак проста выканалі сваю працу», бо «дэмантавалі незаконна пастаўленую канструкцыю на аб’екце культурнай спадчыны».
«Зроблена гэта ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам аб ахове помнікаў гісторыі і культуры», — дадалі ў прэс-службе камітэту прамысловай палітыкі, інавацый і гандлю Санкт-Пецярбургу, піша расейская служба Свабоды.
Гэта ўжо трэці раз, калі мэмарыяльны знак грамадзянам Польшчы – ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьнікае зь Левашоўскіх могілак.
Першы помнік, гранітны крыж, дэмантавалі ў ліпені 2023 году. 30 кастрычніка 2023 году, у дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, актывісты «Мемориала» ўстанавілі на тым жа месцы новую скульптуру з жалеза, аднак яна пратрымалася адны содні. «Мемориал» паставіў новы знак, зараз зьнік і ён.
Раней у Смаленскай і Цьвярской абласьцях з двух мэмарыялаў, прысьвечаных масавым расстрэлам войскамі НКВД СССР польскіх жаўнераў і афіцэраў, былі прыбраныя дзяржаўныя сьцягі Польшчы, а ў Томскай вобласьці зьнікла адразу некалькі мэмарыяльных таблічак памяці рэпрэсаваных палякаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «100–300 асобнікаў». Якімі накладамі выдаюць расстраляных паэтаў і дзе можна пачытаць іхныя творы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгіі