ЗША нанесьлі ўдары па лягерах «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі

Памежны пераход паміж Сырыяй і Лібанам 28 кастрычніка 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Паводле вайскоўцаў ЗША, зьнішчылі да 35 баевікоў

Амэрыканскія вайскоўцы на гэтым тыдні нанесьлі авіяўдары па некалькіх лягерах «Ісламскай дзяржавы» (ІД) у сырыйскай пустыні, у выніку чаго зьнішчылі да 35 баевікоў групоўкі, піша «Голас Амэрыкі».

Як паведаміла 30 кастрычніка Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM), цэльлю ўдараў, нанесеных 28 кастрычніка,, былі высокапастаўленыя лідэры «Ісламскай дзяржавы». Ахвяр сярод цывільнага насельніцтва не было.

У ЗША групоўку «Ісламская дзяржава» прызналі тэрарыстычнай.

Удары зьяўляюцца часткай працяглых намаганьняў ЗША і хаўрусьнікаў паслабіць апэратыўны патэнцыял ІД дзеля перадухіленьня будучых нападаў супраць цывільнага насельніцтва, Злучаных Штатаў, а таксама іх хаўрусьнікаў і партнэраў у рэгіёне.

Гэта ня першыя ўдары амэрыканскіх вайскоўцаў па лягерах «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі ў гэтым месяцы. Так, напрыклад, CENTCOM паведамляла аб ударах, нанесеных 11 кастрычніка. Паводле камандаваньня, тады таксама абышлося без ахвяр сярод мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт у іранскім Кермане
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран абстраляў паўночны Ірак і паўночную Сырыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне затрымалі двух грамадзян Расеі праз падазрэньне ў фінансаваньні «Ісламскай дзяржавы»