У Эўракамісіі назвалі тэрмін магчымага ўступленьня Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз

Сьцяг Эўразьвязу

У штогадовай справаздачы аб працэсе пашырэньня ЭЗ камісія таксама пацьвердзіла, што шлях Грузіі да ўступленьня застаецца «дэ-факта» спыненым, калі ня зьменіцца курс кіроўнай партыі, абвінавачанай у вяртаньні Тбілісі ў арбіту Расеі.

Эўрапейская камісія заявіла 30 кастрычніка, што спадзяецца перавесьці перамовы аб уступленьні з Украінай і Малдовай на наступны этап «як мага хутчэй» у 2025 годзе ў рамках новага імкненьня да пашырэньня, сутыкнуўшыся з «экзістэнцыяльнай пагрозай» з боку Расеі, піша AFP.

Украіна і Малдова могуць уступіць у Эўразьвяз да канца наступнага мандата Эўрапейскай камісіі, гэта значыць да 2029 году. Пра гэта заявіў Эўракамісар у пытаньнях добрасуседзтва і пашырэньня Олівэр Вархэі, перадае Deutsche Welle. Паводле яго, Эўракамісія стварыла дадатковыя інструмэнты, якія дапамогуць краінам Заходніх Балкан, Малдове і Ўкраіне паскорыць правядзеньне рэформаў. Гэтыя інструмэнты па-рознаму называюцца ў залежнасьці ад дзяржавы, напрыклад «Плян росту» і «Плян Украіны».

«З дапамогай гэтага пляну мы зрабілі магчымым для Заходніх Балканаў, Малдовы, а таксама для Ўкраіны завяршыць рэформы, каб яны маглі ўсё падрыхтаваць і стаць сябрамі ЭЗ да канца наступнага мандата Эўрапейскай камісіі», — заявіў Вархэі. Мандат Эўракамісіі доўжыцца пяць гадоў, наступны завершыцца да 2029 году.

У чэрвені 2022 году Ўкраіна і Малдова атрымалі статус кандыдатаў на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз. У чэрвені 2024 года гэтыя краіны пачалі перамовы аб далучэньні да ЭЗ. 20 кастрычніка ў Малдове прайшлі прэзыдэнцкія выбары і адначасова зь імі рэфэрэндум аб уступленьні ў ЭЗ. 50,46% выбарнікаў падтрымалі эўраінтэграцыю, супраць выступілі 49,54% удзельнікаў. Прэзыдэнтка краіны Мая Санду заявіла, што ў канстытуцыю краіны будуць унесеныя папраўкі, якія датычацца далучэньня да ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Эўракамісіі фон дэр Ляен: Малдова паказвае, што яна незалежная, моцная і хоча эўрапейскай будучыні

Былыя савецкія рэспублікі Ўкраіна і Малдова пачалі перамовы аб уступленьні ў Эўрапейскі зьвяз у чэрвені, паставіўшы іх на доўгі — і ўсё ж нявызначаны — шлях да сяброўства, які Расея спрабавала заблякаваць.
Камісія заявіла, што задача праверкі таго, наколькі законы ва Ўкраіне і Малдове адпавядаюць стандартам ЭЗ і колькі працы яшчэ наперадзе, «прасоўваецца гладка».

Пасьля завяршэньня рэальныя перамовы могуць пачацца па 35 тэмах, ад падаткаабкладаньня да экалягічнай палітыкі, згрупаваных у так званыя «клястэры».

Што тычыцца Ўкраіны і Малдовы, камісія заявіла, што «зь нецярплівасьцю чакае адкрыцьця перамоваў аб клястэрах... як мага хутчэй у 2025 годзе» — пры ўмове зялёнага сьвятла ад 27 краін – сяброў ЭЗ.

Для Ўкраіны адкрыцьцё перамоваў у чэрвені азнаменавала пачатак працяглага працэсу, які, імаверна, зойме шмат гадоў.

Дагэтуль Украіна заслужыла пахвалу за пачатак шэрагу рэформаў у стрымліваньні карупцыі і палітычнага ўмяшаньня, нават ва ўмовах вайны, калі яна змагаецца з расейскім уварваньнем.

«Украінцы вядуць дзьве бітвы адначасова», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль.

«Адну на полі бою, сапраўдную вайну, а падчас другой імкнецца правесьці рэформы, неабходныя для таго, каб стаць сябрам Эўразьвязу».

«Мы будзем падтрымліваць Украіну на абодвух франтах», — сказаў ён.

Малдова толькі зь невялікай перавагай галасоў прагаласавала за далучэньне да ЭЗ на рэфэрэндуме ў гэтым месяцы. Плебісцыт быў адзначаны абвінавачваньнямі ва ўмяшаньні з боку Масквы, што кідае цень на імкненьні краіны ў ЭЗ.

Але камісар у пытаньнях пашырэньня Олівэр Вархэі заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што «вельмі ясна, што Малдова прайшла доўгі шлях» — спасылаючыся, у прыватнасьці, на вяртаньне скрадзеных алігархамі сродкаў.

Кіеў і Кішынёў падалі адпаведныя заяўкі на сяброўства ў ЭЗ пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, што аднавіла ў Эўразьвязе імкненьне прыняць новых сяброў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і яшчэ больш за 30 краін прынялі Сумесную дэклярацыю аб падтрымцы аднаўленьня і рэканструкцыі Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна падпісала з Эўразьвязам дамову аб бясьпецы. Што яна прадугледжвае
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Малдова пачынаюць перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз