Падчас сустрэчы намесьніка прэм’ер-міністра Сэрбіі Аляксандра Вуліна зь міністрам унутраных спраў Беларусі Іванам Кубраковым у Менску дамовіліся пра супрацоўніцтва ў сумеснай падрыхтоўцы паліцыі і спэцпадразьдзяленьняў, навучаньне барацьбе з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю і злачыннасьцю ў сфэры высокіх тэхналёгіяў, паведамляе прэс-служба ўраду Сэрбіі.
Прэс-служба сэрбскага ўраду адзначае, што падчас сустрэчы Курбакоў і Вулін пагадзіліся з тым, што дзьве краіны «сутыкаюцца з аднолькавымі пагрозамі і выклікамі бясьпецы, і падкрэсьлілі пасьпяховае супрацоўніцтва сэрбскіх і беларускіх структур бясьпекі і неабходнасьць яго паляпшэньня».
Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў па выніках сустрэчы заявіў пра гатоўнасьць да працягу партнэрства з сэрбскімі калегамі «па ўсіх кірунках службовай дзейнасьці — абмену досьведам процідзеяньня гандлю людзьмі, незаконнаму абарачэньню наркотыкаў, арганізаванай злачыннасьці» і інш., цытуюць яго беларускія дзяржаўныя СМІ. Таксама, паводле Кубракова, бакі абмеркавалі «супрацоўніцтва спэцпадразьдзяленьняў у барацьбе з тэрарызмам, устанаўленьне і пашырэньне прамых кантактаў паміж навучальнымі ўстановамі» МУС Беларусі і Сэрбіі.
Падчас візыту сэрбская дэлегацыя паглядзела паказальныя выступы беларускіх падразьдзяленьняў спэцназу. Сьцьвярджаецца, што «асаблівую цікавасьць гасьцей выклікалі напрацоўкі беларускага МУС у барацьбе з кібэрзлачынствамі і незаконнай міграцыяй». Кубракоў перадаў запрашэньне сэрбскаму міністру ўнутраных спраў наведаць Беларусь.
Як адзначае балканская служба Радыё Свабода, прэм’ер-міністар Сэрбіі Аляксандар Вулін знаходзіцца пад санкцыямі ЗША «з прычыны ягоных шчыльных сувязяў з Расеяй», як і Іван Кубракоў, які трапіў пад санкцыі ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі як адказны за гвалт сілавікоў падчас жорсткага задушэньня пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі.
Падчас сустрэчы Аляксандра Вуліна са старшынём КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем «было падкрэсьлена добрае супрацоўніцтва паміж службамі бясьпекі дзьвюх краін і дасягнута дамоўленасьць аб тым, што ёсьць магчымасьці для паляпшэньня сумеснай працы для захаваньня незалежнасьці дзьвюх краін», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ўраду Сэрбіі. Беларускія ведамствы і СМІ пра сустрэчу не пісалі.
Прэс-служба Мінабароны Беларусі ў паведамленьні пра сустрэчу Вуліна з кіраўніком абароннага ведамства Віктарам Хрэніным адзначыла, што «бакі абмяняліся думкамі аб актуальных пытаньнях міжнароднай бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаў працаваць амбасадар Сэрбіі, якая далучылася да санкцый супраць Беларусі- Сэрбская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Вуліным прыме ўдзел у другой Менскай міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы, якая пройдзе з 31 кастрычніка па 1 лістапада.
- Беларускія ўлады раней уключылі Сэрбію ў сьпіс «недружалюбных» краін разам з краінамі Эўразьвязу, ЗША, Альбаніяй, Вялікай Брытаніяй, Ісьландыяй, Канадай, Ліхтэнштэйнам, Нарвэгіяя, Паўночнай Македоніяй, Чарнагорыяй і Швайцарыяй.
- У 2021 годзе Сэрбія далучылася да санкцыяў ЭЗ супраць Менску, а пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падтрымала наступныя пакеты санкцыяў супраць Беларусі. У канцы студзеня 2022 году Беларусь пашырыла на Сэрбію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на заходнія санкцыі.
- Пры гэтым Сэрбія 25 кастрычніка 2019 году падпісала пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумэнт набыў моц 10 ліпеня 2021 году.
- 1 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка прыняў даверчую грамату амбасадара Сэрбіі.