Адмянілі канцэрт на Дзяды ў менскім клюбе «Рэактар»

У легендарным менскім клюбе «Рэактар» 3 лістапада меў адбыцца канцэрт з нагоды Дзядоў. Сярод выступоўцаў — легендарны музыка Іван Кірчук, сьпявачка Іва Саціва, акапэльны фолк-гурт Guda. 30 кастрычніка стала вядома, што канцэрт адменены.

Інфармацыю пра адмену канцэрту Свабодзе пацьвердзілі менчукі, якія зьвярталіся ў касу клюбу па квіткі.

Прычыны адмены канцэрту невядомыя.

Раней прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава абуралася гэтым канцэртам, заплянаваным на Дзяды ў «Рэактары», і пісала: «Зьвяртаю ўвагу ГУБАЗ на дадзеную правакацыю, а заадно і Ўпраўленьня культуры МГВК [Менгарвыканкаму. — РС]».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атмасфэра нагадвае 2003 год». Што стала зь вядомымі клюбамі Менску

Калісьці менскі клюб «Рэактар», які адкрыўся яшчэ ў 90-я на вуліцы Веры Харужай у Менску, стаў асноўнай пляцоўкай для сталічных рок-канцэртаў, бо іншых пляцовак такога памеру проста не было. У клюбе пасьпелі выступіць зоркі мэтал-сцэны Marduk, Vader, Mayhem, In Flames, Grave Digger, тут праходзіў мэтал-фэстываль MassaBrutto, таксама тут выступалі расейскі гурт «Сплин», украінскі Fleur і шмат хто іншы. Тут жа праходзіў некаторы час «Калядны фэст», гралі беларускія гурты N.R.M. (яшчэ ў складзе зь Лявонам Вольскім), Neuro Dubel, «Стары Ольса» і многія іншыя.

У 2011 годзе клюб закрыўся, і на месцы яго ўзьнік іншы клюб пад назвай RЕ:PUBLIC, які адразу ж стаў асноўнай рок-пляцоўкай сталіцы. Пазьней на месцы колішняй легендарнай пляцоўкі зьявіўся начны клюб Rich Cat.

Легендарны клюб «Рэактар» на Харужай адрадзілі сёлета. Дзьверы клюбу зноў адчыніліся для аматараў рок-музыкі ў канцы ліпеня 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 гадоў пад забаронай: Уся храналёгія «Крамбамбулі» ў вялікім інтэрвію Лявона Вольскага