Амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі тлумачыць, чаму беларусам варта сачыць за выбарамі ў ЗША. Ужо праз тыдзень амэрыканцы абяруць новага прэзыдэнта. Якімі інструмэнтамі ўплыву на сытуацыю ў Беларусі валодае Амэрыка і чым адрозьніваюцца стратэгіі Камалы Гарыс і Дональда Трампа?
«Калі мы гаворым пра мэханізмы або інструмэнты ЗША, то гэта найперш санкцыйны ціск і праца з эўрапейскімі партнэрамі, каб пазьбегнуць абыходу санкцый. Мы ведаем, што для Аляксандра Лукашэнкі эканамічны ціск вельмі балючы. Амэрыканская дзяржава ня можа наўпрост умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, нават нягледзячы на тое, што прапаганда ў Беларусі гаворыць пра нейкія мітычныя войскі каля межаў. Мы разумеем, што гэта казкі. Будучы залежным толькі ад Расеі, Лукашэнка разумее, што ён апынуўся ў цяжкім стане. Таму ціск ЗША ў пэўным сэнсе працуе», — лічыць Пянькоўскі.
Ён выказаўся таксама наконт чутак пра перамовы Лукашэнкі з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША некалькі тыдняў таму. Пра візыт амэрыканскага дыплямата паведамілі некаторыя СМІ. А падчас «Дажынак» у Валожыне Лукашэнка заявіў, што правёў складаныя перамовы з прадстаўніком Захаду.
«Гэта не зусім так. Амэрыканская амбасада зачынілася ў Менску напрыканцы лютага 2022 году. З адкрытых крыніцаў мы ведаем, што супрацоўнікі амэрыканскай амбасады ў Вільні і супрацоўнікі па сувязях зь Беларусьсю Дзярждэпартамэнту ЗША прыяжджаюць у Менск, наведваюць мерапрыемствы. Па зьвестках, якія былі апублікаваныя пра гэты візыт, там была інфармацыя пра візыт старшыні аддзелу па сувязях зь Беларусьсю. Дзярждэп павінен мець пэўныя каналы консульскага доступу да затрыманых грамадзян ЗША. Але гэты візыт ня быў нейкі адметны, надзвычайны ці буйны. Гэта хутчэй была маніпуляцыя з боку Лукашэнкі і ягонай прэс-службы. Яны ўбачылі зьвесткі пра візыт і падалі яго як нейкія вялікія перамовы», — сказаў Антон Пянькоўскі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.