У Гішпаніі ад наступстваў раптоўнай паводкі пасьля моцных даджоў загінулі больш за 60 грамадзян. ФОТА

Наступствы моцных даджоў у Валенсіі, 30 кастрычніка 2024 году. Фота AFP

Ва ўсходнім гішпанскім рэгіёне Валенсія загінулі прынамсі 64 чалавекі ў выніку раптоўнай паводкі, якая пачалася пасьля моцных дажджоў 29 кастрычніка.

Як паведаміла агенцтва Reuters, пад вадой апынуліся дарогі і цэлыя гарады, скасавалі чыгуначныя зносіны з Мадрыдам і Барсэлёнай, спынілі заняткі ў школах і іншую сацыяльную дзейнасьць.

Ратавальнікі пачалі працаваць уначы, каб спыніць паводку. Яны выратавалі некалькі чалавек, але экстранныя службы не маглі дабрацца да найбольш пацярпелых раёнаў, таму пра колькасьць ахвяр пачалі інфармаваць толькі цяпер. Яна мяняецца ледзь ня кожную хвіліну.

Ратавальнікі пачалі працаваць уначы, але не ўва ўсе раёны маглі дабрацца. Фота AP

Рэгіянальны лідэр Валенсіі Карляс Мазон паведаміў, што людзі дагэтуль застаюцца ізаляванымі ў месцах, да якіх дабрацца абсалютна немагчыма.

«Калі (экстранныя службы) не прыбылі, гэта не празь недахоп сродкаў ці жаданьня, а праз праблемы з доступам», — сказаў Мазон на прэсавай канфэрэнцыі.

Дзясяткі відэазапісаў, распаўсюджаных у сацыяльных сетках уначы, паказвалі людзей, якія апынуліся ў пастцы паводкі. Некаторыя залазілі на дрэвы, каб іх ня зьнесла.

Наступствы паводкі ва ўсходняй Гішпаніі, 30 кастрычніка 2024 году. Фота AFP

Дзяржаўнае мэтэаралягічнае агенцтва Гішпаніі AEMET на 29 кастрычніка абвясьціла чырвоны ўзровень небясьпекі ў Валенсіі, адным з найбольшых рэгіёнаў, дзе вырошчваюць цытрусавыя.

Паток вады зносіў усё на сваім шляху. Фота AP

Гэта найбуйнейшая зьвязаная з паводкай катастрофа ў Гішпаніі з 1996 году, калі ў Пірэнэях загінулі 87 чалавек і яшчэ 180 атрымалі раненьні. Навукоўцы кажуць, што экстрэмальныя зьявы надвор’я ў рэгіёне становяцца ўсё больш частымі праз кліматычныя зьмены. Мэтэаролягі мяркуюць, што ключавую ролю ва ўзмацненьні праліўных дажджоў адыгрывае пацяпленьне Міжземнага мора, якое павялічвае выпарэньне вады.

Дажджавы цыклён накіроўваецца ў Латвію, Літву, Беларусь і Ўкраіну

Згодна з інфармацыяй Эўрапейскага цэнтру сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я, цыклён з дажджамі і моцным ветрам праз Скандынавію накіроўваецца ў Латвію, Літву, Польшчу, Беларусь і Ўкраіну.

У краінах Балтыі прагназуюць у ноч на 31 кастрычніка моцны дождж, а 1 і 2 лістапада — навальніцы і мокры сьнег. Гэтыя зьявы будуць суправаджацца моцным ветрам, месцамі да 25 мэтраў на сэкунду.

У Беларусі 30 і 31 кастрычніка абвясьцілі жоўты ўзровень небясьпекі — гэта азначае, што ў асобных раёнах краіны чакаюцца неспрыяльныя мэтэаралягічныя зьявы, якія звычайныя для тэрыторыі краіны, але могуць быць небясьпечнымі для асобных відаў сацыяльна-эканамічнай дзейнасьці. Гідрамэтэацэнтар Беларусі прагназуе дажджы і ўзмацненьне заходняга ветру парывамі да 15–18 м/с.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі сярод фактараў небясьпекі назвалі значнае зьніжэньне бачнасьці і ўскладненьне руху транспарту ці нават яго спыненьне, павелічэньне імавернасьці ДТП, пашкоджаньне (абрыў) ліній сувязі і электраперадач, парушэньне энэргазабесьпячэньня, пашкоджаньне ці абвальваньне слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаваньняў, падзеньне дрэў.

Ва Ўкраіну дажджавы цыклён перамесьціцца 2 лістапада, але будзе суправаджацца не такім моцным ветрам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі папярэдзілі пра магчымыя збоі ў энэргазабесьпячэньні праз моцныя дажджы