Пракуратура Грузіі выклікала на допыт прэзыдэнтку Зурабішвілі ў сувязі зь яе заявамі аб фальсыфікацыі вынікаў выбараў

Саламэ Зурабішвілі падтрымала акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 26 кастрычніка

Саламэ Зурабішвілі і апазыцыя заявілі, што каля 300 тысяч галасоў былі сфальсыфікаваныя на карысьць кіроўнай партыі.

Пракуратура Грузіі выклікала на допыт прэзыдэнтку краіны Саламэ Зурабішвілі празь яе заявы аб фальсыфікацыі вынікаў выбараў у парлямэнт, што адбыліся 26 кастрычніка.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», пракуратура пачала расьсьледаваньне фактаў імавернай фальсыфікацыі парлямэнцкіх выбараў на падстае адпаведнага звароту Цэнтральнай выбарчай камісіі 30 кастрычніка паводле артыкулу 164 (3) Крымінальнага кодэксу Грузіі – «фальсыфікацыя выбараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі не прызнала вынікаў парлямэнцкіх выбараў, заклікала да пратэстаў і абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Па дадзеных ЦВК, перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара», якая набрала амаль 54% галасоў. У адпаведнасьці з законамі Грузіі, гэтая партыя атрымлівае права аднаасобна сфармаваць урад. Пяціпрацэнтны бар’ер пераадолелі чатыры апазыцыйныя партыі: «Кааліцыя за перамены», «Адзінства — Нацыянальны рух», «Моцная Грузія» і «Гахарыя за Грузію».

Зурабішвілі і апазыцыя заявілі, што каля 300 тысяч галасоў былі сфальсыфікаваныя на карысьць кіроўнай партыі. Прэзыдэнтка таксама адзначала расейскія наратывы, якія «Грузінская мара» выкарыстала ў сваёй перадвыбарнай кампаніі.

Прадстаўнікі АБСЭ заявілі, што выбарчы працэс у Грузіі не адпавядаў міжнародным дэмакратычным стандартам у дастатковай меры. Арганізацыя адзначыла выпадкі подкупу галасоў, падвойнага галасаваньня, фізычнага гвалту і запалохваньня. Пры гэтым факту прамых фальсыфікацый АБСЭ не пацьвердзіла.

У сваім інтэрвію Радыё Свабода Зурабішвілі заявіла, што мясцовыя арганізацыі працуюць над зборам дадзеных для доказу парушэньняў на выбарах.

Разам з тым Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі 29 кастрычніка аб’явіла аб пераліку бюлетэняў на пяці ўчастках у кожнай выбарчай акрузе.

28 кастрычніка ў Тбілісі прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазыцыі, на якім Зурабішвілі заявіла, што размаўляла зь лідэрамі заходніх краін, і яны пагадзіліся зь нелегітымнасьцю выбараў.

«Грузінская мара», якая знаходзіцца ва ўладзе з 2012 году, раней праводзіла празаходнюю палітыку, але ў апошнія два гады зьмяніла курс на Расею, адзначае Радыё Свабода. Партыя паведамленьні аб гэтым называла не адпаведнымі рэчаіснасьці.

Расея сваё ўмяшаньне ў грузінскія выбары адмаўляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адразу некалькі краін заявілі аб спыненьні супрацы з Грузіяй пасьля супярэчлівых выбараў