У Лідзе асудзілі падпалкоўніка, які прымушаў салдатаў працаваць на яго лецішчы

Суд у Лідзе. Архіўнае фота

Афіцэра абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай, спалучанай з гвалтам. Яму прысудзілі 4 гады калёніі, паведамляе «Ліда ТБ». 

Падпалкоўнік, які займаў пасаду кіраўніка фізычнай падрыхтоўкі і спорту ў адной з вайсковых частак, перавысіў службовыя паўнамоцтвы, паведаміла старшая памочніца пракурора Лідзкага раёну Алеся Ляшэвіч у інтэрвію «Ліда ТБ».

У пэрыяд з 7 чэрвеня 2021-га па 9 кастрычніка 2023 году афіцэр аддаваў незаконныя загады падначаленым. У прыватнасьці, ён прымушаў салдатаў тэрміновай службы выконваць працу, якая не ўваходзіла ў іхныя абавязкі, а таксама рыхтаваць яго аўтамабіль да афарбоўваньня.

Акрамя таго, у судзе высьветлілі, што падпалкоўнік ужываў сілу да падначаленых за, на ягоную думку, недастаткова якасна выкананую працу.

На працэсе ён часткова прызнаў віну, пацьвердзіўшы, што прыцягваў салдатаў да працы на сваім дачным ўчастку і падрыхтоўкі аўтамабіля, але адмовіў, што ўжываў гвалт.

Суд у Лідзе прызначыў яму 4 гады пазбаўленьня волі і штраф у памеры 12 тысяч рублёў паводле ч. 2 арт. 455 КК («Злоўжыванне ўладай, бязьдзейнасьць улады або перавышэньне ўлады»). Яго таксама пазбавілі званьня падпалкоўніка і забаранілі займаць пэўныя пасады на працягу 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-гадовы салдат тэрміновай службы скончыў жыцьцё самагубствам на памежнай заставе каля Пінску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста зьбег абставінаў, разумееце?» У навучальным цэнтры ў Печах пацьвердзілі інфармацыю пра суіцыд дэсантніка