Юрыст «Вясны» Сапелка расказаў, як праваабаронцы будуць сачыць за выбарамі

Павал Сапелка. Архіўнае фота

Выбары прэзыдэнта ў Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў сваю чаргу абвясьціла пра пачатак працы экспэртнай місіі. Юрыст «Вясны» Павал Сапелка расказаў падрабязьней пра ролю маніторынгу праваабаронцаў.

У заяве кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаецца, што задачай праваабаронцаў пры любым дзяржаўным рэжыме зьяўляецца ажыцьцяўленне грамадзянскага кантролю за дзеяньнямі ўладаў, таму яны лічыць неабходным правесьці маніторынг гэтай выбарчай кампаніі, каб на падставе сабранай інфармацыі мець магчымасьць задакумэнтаваць тое, што адбываецца, і працягваць ацэньваць дзеяньні ўладаў з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

«Экспэртная місія будзе зьбіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленьняў ад выбарнікаў зь Беларусі, — расказаў Павал Сапелка. — Мы разьлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэньнях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захаваньня лічбавай гігіены і правілаў бясьпечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбарнікі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэньнях праз ананімную форму ды па іншых бясьпечных каналах інфармаваньня».

Павал Сапелка тлумачыць, што кампанія неаднаразова падкрэсьлівала важную ролю незалежнага назіраньня на выбарах.

«Нават ва ўмовах татальнага абмежаваньня магчымасьцяў назіральнікаў мы можам дасягнуць сваёй мэты і даць ацэнку характару тых працэсаў, якія будуць адбывацца ў Беларусі. Гэта важна ва ўмовах пастаянных намаганьняў уладаў па прапагандзе і дэзынфармацыі, уключэньня прадстаўнікоў GONGO, залежных і ляяльных уладам людзей у імітацыю назіраньня. Для імітацыі вонкавага адабрэньня падаўжэньня паўнамоцтваў дыктатара будуць запрошаныя псэўданазіральнікі з СНД і ШАС. У гэтых умовах мы бачым важным наяўнасьць абгрунтаванай ацэнкі ўмоў палітычных працэсаў і бягучых падзей з пазыцыі незалежнага назіраньня і правоў чалавека», — заявіў Сапелка.

Праваабаронца «Вясны» расказаў, што кампанія па-ранейшаму будзе выпускаць справаздачы па асноўных этапах выбарчага працэсу, а таксама бягучыя камэнтары па найбольш важных падзеях. Таксама на сайце кампаніі будуць разьмяшчацца асветніцкія матэрыялы.

«Нягледзячы на сытуацыю, мы па-ранейшаму лічым, што палітычныя выбары — гэта нармальны элемэнт дэмакратыі, да якога калісьці прыйдзем», — расказаў Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы абвясьцілі пра пачатак экспэртнай місіі для маніторынгу выбараў 2025 году ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шанцы на тое, што Лукашэнка і Захад змогуць дамовіцца пасьля выбараў 2025 году, узрастаюць. Чаму?

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.