Прэзыдэнтка Грузіі заклікала Захад аказаць ціск на кіроўную партыю

Саламэ Зурабішвілі падчас інтэрвію Грузінскай службе Радыё Свабода, 29 кастрычніка 2024

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заклікала краіны Захаду аказаць сур’ёзны ціск на кіроўную партыю «Грузінская мара» для перагляду вынікаў парлямэнцкіх выбараў.

«Калі ціск ня будзе аказаны, гэта будзе азначаць, што Захад не распачаў усё магчымае, каб паспрабаваць утрымаць Грузію на заходнім баку і ў эўрапейскай пэрспэктыве», — адзначыла Зурабішвілі ў інтэрвію Грузінскай службе Радыё Свабода.

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Па дадзеных ЦВК, перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара», якая набрала амаль 54% галасоў. У адпаведнасьці з законамі Грузіі, гэтая партыя атрымлівае права аднаасобна сфармаваць урад. Пяціпрацэнтны бар’ер пераадолелі чатыры апазыцыйныя партыі: «Кааліцыя за перамены», «Адзінства — Нацыянальны рух», «Моцная Грузія» і «Гахарыя за Грузію».

Зурабішвілі і апазыцыя заявілі, што каля 300 тысяч галасоў былі сфальсыфікаваныя на карысьць кіроўнай партыі. Прэзыдэнтка таксама адзначала расейскія наратывы, якія «Грузінская мара» выкарыстала ў сваёй перадвыбарнай кампаніі.

Прадстаўнікі АБСЭ заявілі, што выбарчы працэс у Грузіі не адпавядаў міжнародным дэмакратычным стандартам у дастатковай меры. Арганізацыя адзначыла выпадкі подкупу галасоў, падвойнага галасаваньня, фізычнага гвалту і запалохваньня. Пры гэтым факту прамых фальсыфікацый АБСЭ не пацьвердзіла.

У сваім інтэрвію Радыё Свабода Зурабішвілі заявіла, што мясцовыя арганізацыі працуюць над зборам дадзеных для доказу парушэньняў на выбарах.

Разам з тым Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі 29 кастрычніка аб’явіла аб пераліку бюлетэняў на пяці ўчастках у кожнай выбарчай акрузе.

28 кастрычніка ў Тбілісі прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазыцыі, на якім Зурабішвілі заявіла, што размаўляла зь лідэрамі заходніх краін, і яны пагадзіліся зь нелегітымнасьцю выбараў.

«Грузінская мара», якая знаходзіцца ва ўладзе з 2012 году, раней праводзіла празаходнюю палітыку, але ў апошнія два гады зьмяніла курс на Расею, адзначае Радыё Свабода. Партыя паведамленьні аб гэтым называла не адпаведнымі рэчаіснасьці.

Расея сваё ўмяшаньне ў грузінскія выбары адмаўляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адразу некалькі краін заявілі аб спыненьні супрацы з Грузіяй пасьля супярэчлівых выбараў