Расейскі суд падоўжыў арышт беларусу, якога абвінавачваюць у дывэрсіі на Байкала-Амурскай магістралі

Сяргей Ерамееў, архіўнае фота

Басманны суд Масквы падоўжыў тэрмін утрыманьня пад вартай грамадзяніну Беларусі Сяргею Ерамееву, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу суду. Беларуса абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.

Сяргей Ерамееў застанецца пад арыштам яшчэ на тры месяцы.

51-гадовага беларуса Сяргея Ерамеева затрымалі ў сьнежні 2023 году ў Омску і абвінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі. У паведамленьнях, якія давала расейскае ФСБ, Ерамееў казаў, што хацеў паралізаваць перавоз вайсковай тэхнікі бліжэй да Ўкраіны. Расейскія спэцслужбы сьцьвярджалі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі.

Пра Сяргея Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве.

Беларусу прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт).

У пачатку 2024 году стала вядома, што мужчыну вазілі на сьледчыя дзеяньні ў Беларусь. Дзяржаўны тэлеканал апублікаваў прапагандысцкі сюжэт пра нібыта дзейнасьць у Беларусі агентаў украінскіх спэцслужбаў, у якім у тым ліку паказалі Сяргея Ерамеева. У стужцы АНТ сьцьвярджаецца, што Ерамееў атрымаў выбухоўку ад ўкраінскіх спэцслужбаў.

Раней паведамлялі, што да Ерамеева не пускаюць адваката.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да беларуса, якога затрымалі за падрывы цягнікоў на БАМе, не пускаюць адваката
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрыў цягнікоў на БАМе, падпал электрастанцыі. Як беларусы ўдзельнічаюць у антываенным супраціве ў Расеі