Гэта першы вядомы выпадак атакі дронаў на аб’ект на тэрыторыі Чачэніі з пачатку вайны ва Ўкраіне.
Як напісаў Рамзан Кадыраў у сваім тэлеграм-канале, атака адбылася раніцай 29 кастрычніка. У выніку «загарэўся дах пустога будынка на тэрыторыі Расейскага ўнівэрсытэта спэцназу». Паводле Кадырава, ахвяраў і пацярпелых няма, пажар патушаны, дзейнасьць унівэрсытэту не прыпынялі.
Тэлеграм-канал Baza публікуе фота, як сьцьвярджаецца, падпаленага будынка ўнівэрсытэту.
Украінскія вайскоўцы і спэцслужбы пакуль не камэнтавалі паведамленьняў пра ўдар бесьпілётніка па Чачэніі, якая знаходзіцца больш як за 500 кілямэтраў ад украінскай тэрыторыі. Раней украінскія дроны наносілі ўдары і па больш далёкіх тэрыторыях Расеі.
Расейскі ўнівэрсытэт спэцназу быў заснаваны ў Гудэрмесе ў 2013 годзе, з 2024 году носіць імя Ўладзіміра Пуціна. Як сьцьвярджаюць улады Чачэніі, з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну навучаньне там прайшлі тысячы людзей, якія пасьля адправіліся на вайну ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая атака Расеі на Кіеў, Крывы Рог і Харкаў, дзясяткі загінулых і пацярпелых