У Менску паводле шасьці артыкулаў судзяць актывіста «Руху за свабоду»

Ілюстрацыйнае фота

Аляксею Клюшнічэнку пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Пра затрыманьне Аляксея Клюшнічэнкі стала вядома ў верасьні 2024 году. Пазьней высьветлілася, што Аляксея затрымалі яшчэ 22 лютага 2024 году, паведамляла «Наша ніва».

Суд над Аляксеем пачынаецца 29 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК), «распальваньні сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «абразе» Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і «паклёпе» на Лукашэнку (ч. 1 арт. 369 КК).

Аляксею пагражае да 12 гадоў калёніі. Справу разглядае Міхаіл Макарэвіч.

  • Аляксею Клюшнічэнку 28 гадоў. Родам ён зь Любанскага раёну, вучыўся ў школе ў мястэчку Рачэнь, скончыў Менскі радыётэхнічны каледж. Апошнім часам займаўся грузаперавозкамі, да лістапада 2022 году працаваў прамоўтарам мабільнага апэратара life:).
  • На старонках руху «За свабоду» напісана, што «Аляксей быў адным з ключавых актывістаў па Менску, удзельнічаў у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах руху, калі арганізацыя яшчэ была зарэгістраваная і легальна праводзіла сваю дзейнасьць, і шмат зрабіў на карысьць грамадзянскай супольнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: у Пінску яшчэ дваіх судзяць за пратэсты 2020 года
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Маладэчне затрымалі мужчыну, які спрабаваў сарваць дзяржаўны сьцяг