Курземскі раённы суд у Вентсьпілсе аб’явіў у вышук пракрамлёўскага актывіста, грамадзяніна Латвіі Юрыя Аляксеева, пасьля таго як той не зьявіўся на судовае пасяджэньне ў справе дзейнасьці сайта imhoclub.lv, паведамляе выданьне LETA.
Да гэтага часу Аляксееў выконваў свае працэсуальныя абавязкі і прысутнічаў на ўсіх судовых паседжаньнях, але 28 кастрычніка не зьявіўся ў суд. Як паведамілі ў судовай адміністрацыі, 23 верасьня 2020 году Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі адмяніла накладзеныя на Аляксеева меры стрыманьня, у тым ліку забарону на выезд з краіны.
Судзьдзя Курземскага раённага суду Гуна Тройка заявіла, што суд прызнаў няяўку Аляксеева на судовае паседжаньне неапраўданай і вынес пастанову аб ужываньні меры працэсуальнага прымусу.
У сваёй публікацыі ў сацсетцы Facebook Аляксееў паведаміў, што 26 кастрычніка пакінуў Латвію і адправіўся ў Беларусь, дзе плянуе прасіць палітычнага прытулку.
«У „вольным Эўразьвязе“ мне ўжо ў аўторак сьвяціла год і 2 месяцы турмы, а потым яшчэ мінімум плюс 7–8 гадоў па другой справе за „нанясеньне шкоды Латвійскай Рэспубліцы групай асобаў па папярэдняй змове, тэрмін ад 5 да 15 гадоў“. Ага, менавіта так гучыць мой артыкул (...) Заўтра пайду здавацца ў беларускую міліцыю. Прасіць палітычнага прытулку», — напісаў Аляксееў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Латвіі ў Беларусь уцёк прарасейскі журналіст АляксееўУраджэнец Нарыльску Юры Аляксееў у Латвіі ў розны час быў галоўным рэдактарам выданьняў «Бизнес&Балтия», «Коммерсант Baltic», «Бизнес.lv». Таксама ён стварыў і ўзначальваў праект Imhoclub.lv, які прасоўваў пракрамлёўскія наратывы. Улады Латвіі заяўлялі, што мэдыя фінансуецца з Расеі. У публічных справаздачах Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі Аляксееў згадваўся як пракрамлёўскі актывіст.
Справу аб «распальваньні варожасьці» ў дачыненьні да Аляксеева завялі ў 2017 годзе. Падчас ператрусу па месцы жыхарства журналіста знайшлі патроны для пісталета. Таксама паведамлялі пра знойдзеныя ў ягоным кампутары матэрыялы зь дзіцячай парнаграфіяй.
У студзені 2023 году Рыскі раённы суд асудзіў Аляксеева па сукупнасьці абвінавачаньняў на 1 год і 1 месяц пазбаўленьня волі, але ён застаўся на волі — яму прызначылі ўмоўна-датэрміновы нагляд на год.
Раней Аляксееў называў сябе «на чвэрць беларусам», камплімэнтарна адгукаўся пра Аляксандра Лукашэнку.
Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году з дэмакратычных краінаў у Беларусь рэгулярна ўцякаюць прыхільнікі Расеі і Лукашэнкі. Адзін з самых вядомых перабежчыкаў — былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт. У траўні 2024 году ён прыбыў у Беларусь і заявіў хадайніцтва аб атрыманьні палітычнага прытулку. У Польшчы ў дачыненьні да Шмыта вядзецца расьсьледаваньне, яго падазраюць у шпіянажы. Польскі суд выдаў ордэр на арышт Шмыта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польская праўда». Чым займаецца былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь