У Міністэрстве замежных спраў Латвіі паведамілі, што маюць інфармацыю аб затрыманьні ў Беларусі 26 жыхароў Латвіі.
Як паведамілі выданьне delfi.lv і агенцтва LETA з спасылкай на прэсавага сакратара МЗС Латвіі Дыяну Эглітэ, прадстаўніцтва Латвіі ў Віцебску аказвае арыштаваным неабходную і магчымую консульскую падтрымку, але такая дапамога ўскладненая праз адсутнасьць вяршэнства закону ў Беларусі, а таксама празь мінімізацыю супрацы зь Беларусьсю ў сфэры правасудзьдзя і іншых галінах пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Дыяна Эглітэ адзначыла, што ў Беларусі не выконваюць прынцыпу незалежнасьці судовых органаў, што істотна павялічвае рызыкі стварэньня фіктыўных спраў супраць грамадзян краін Эўразьвязу. У сувязі з гэтым і іншымі рызыкамі бясьпекі МЗС Латвіі настойліва рэкамэндуе грамадзянам Латвіі ня езьдзіць у Беларусь.
Выданьне нагадала, што раней стала вядома пра затрыманьне грамадзяніна Латвіі, імаверна, Эмілса Асарыса, які паехаў у Беларусь на аўтамабілі.
Прэсавы сакратар МЗС Латвіі таксама дадала, што амбасада Латвіі ў Расеі атрымала інфармацыю аб 13 затрыманых латвійскіх грамадзянах у 2024 годзе. Латвійскія дыпляматы, таксама, як і ў Беларусі, маюць абмежаваныя магчымасьці для юрыдычнай дапамогі сваім грамадзянам у Расеі.
Апроч таго, Расея часта не перадае Латвіі інфармацыю аб затрыманьнях грамадзянах.
Раней праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі. Зь іх 30 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, яны цяпер у зьняволеньні.
Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану.