У Японіі па выніках парлямэнцкіх выбараў 27 кастрычніка кіроўная кааліцыя, якую ачольвае Лібэральна-дэмакратычная партыя, упершыню за апошнія 15 гадоў страчвае большасьць у парлямэнце.
Як паведаміў японскі тэлеканал NHK, афіцыйныя вынікі выбараў яшчэ не абвешчаныя, бо працягваецца падлік галасоў, але ўжо зразумела, што лібэрал-дэмакратам і іх партнэру па кааліцыі партыі «Камэйта» ня ўдасца атрымаць неабходныя для фармаваньня большасьці 233 месцы ў парлямэнце.
Разам з тым галоўная апазыцыйная сіла — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя — з высокай імавернасьцю палепшыць свае пазыцыі і можа атрымаць больш за 190 месцаў.
Парлямэнцкія выбары ў Японіі, што адбыліся 27 кастрычніка, былі пазачарговыя. Іх ініцыяваў новы прэм’ер-міністар краіны Сігеру Ісіба, які адначасова зьяўляецца лідэрам лібэрал-дэмакратаў.
Лібэральна-дэмакратычная партыя зьяўляецца найбольшай у Японіі. Зь невялікімі перапынкамі (агулам чатыры гады) яна знаходзіцца ва ўладзе ад моманту свайго заснаваньня ў 1955 годзе. Кіроўная кааліцыя лібэрал-дэмакратаў з партыяй «Камэйта» існавала з 2009 году.