Лідэр літоўскага «Зьвязу Айчыны», міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў пасьля няўдалых для сваёй партыі і кааліцыі выбараў:
«Пачуўшы сыгнал, да якога я стаўлюся вельмі сур’ёзна, я сёньня прыняў рашэньне пакінуць пасаду старшыні партыі „Зьвяз Айчыны – Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты“ . Акрамя таго, прымаю рашэньне зрабіць перапынак у сваёй палітычнай кар’еры і дэпутацтве».
Сацыял-дэмакраты сталі наймацнейшай палітычнай сілай у другім туры парлямэнцкіх выбараў у Літве, паведаміла выбарчая камісія ў Вільні позна ў нядзелю, калі былі падлічаныя галасы амаль на ўсіх выбарчых участках. Маючы 52 з 141 месца ў Сейме, апазыцыйная партыя стаіць на парозе перабудовы ўраду Літвы, піша dpa.
Фракцыя кіроўнага кансэрватыўнага Зьвязу Айчыны, на чале сьпісу якога была прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце, на другім месцы з 28 дэпутатамі.
Абодва лібэральныя партнэры «Зьвязу Айчыны» ў цяперашняй кааліцыі зазналі страты, прычым Партыя свабоды ня здолела здабыць месцы ў парлямэнце. Сацыял-дэмакраты зараз імкнуцца стварыць левацэнтрысцкую кааліцыю зь дзьвюма іншымі апазыцыйнымі партыямі.
Пасьля абвешчаньня вынікаў лідэр «Зьвязу Айчыны» Габрыелюс Ландсбергіс прызнаў паразу і павіншаваў сацыял-дэмакратаў з посьпехам. Лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце сказала:
«Вынікі выбараў паказалі, што жыхары Літвы, незалежна ад таго, дзе яны жывуць, у гарадах, мястэчках ці вёсках, хочуць пераменаў, ім патрэбен зусім іншы ўрад».
Новы ўрад пад кіраўніцтвам сацыял-дэмакратаў, хутчэй за ўсё, павядзе Літву ў новым кірунку ўнутранай і сацыяльнай палітыкі, хоць чакаецца, што краіна захавае цьвёрдую згоду з ЭЗ і NATO ў пытаньнях замежнай палітыкі й бясьпекі, у тым ліку моцную падтрымку Ўкраіны. Сярод магчымых партнэраў у кааліцыі з сацыял-дэмакратамі — левацэнтрысцкая партыя «У імя Літвы» (14 месцаў) і Зьвяз сялянаў і зялёных (8 месцаў). Гэтая трохпартыйная кааліцыя будзе мець невялікую большасць у парлямэнце. Нядаўна створаная папулісцкая партыя «Нёманская зара» атрымала 20 месцаў. Некалькі меншых партыяў і незалежных кандыдатаў таксама здолелі забясьпечыць сабе месцы ў Сейме. Паведамляюць, што яўка выбарнікаў склала каля 41%. У выніку першага туру галасаваньня два тыдні таму чакалася перамога сацыял-дэмакратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве праходзіць другі тур выбараў у парлямэнт, пасьля якога сфармуюць новы ўрад