Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП) перамагла на выбарах у Сейм 27 кастрычніка, значна апярэдзіўшы сваіх найбліжэйшых супернікаў, і ў яе будзе самая шматлікая фракцыя ў літоўскім парлямэнце, паведамляе LRT.
У першым туры два тыдні таму сацыял-дэмакраты атрымалі 20 месцаў у Сейме, а ў другім туры 27 кастрычніка кандыдаты партыі наперадзе або перамаглі ў 30 аднамандатных акругах.
«Вынікі выбараў паказалі, што жыхары Літвы, незалежна ад таго, дзе яны жывуць: у гарадах, маленькіх мястэчках ці вёсках, — хочуць перамен, ім патрэбная зусім іншая ўлада», — заявіла старшыня сацыял-дэмакратычная партыі Вілія Блінкявічуце і падзякавала жыхарам Літвы, якія прагаласавалі за сацыял-дэмакратаў.
Раней ЛСДП аб’явіла пра намер сфармаваць кіроўную большасьць разам зь левацэнтрысцкім Зьвязам дэмакратаў «У імя Літвы» і Партыяй сялян і зялёных.
Папярэднія вынікі выбараў паказваюць, што ў такой кааліцыі будзе 70 з 141 голасу ў Сейме.
Кіроўная партыя кансэрватараў «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» заняла другое месца на выбарах, папярэдне ў яе будзе фракцыя з 27 парлямэнтароў. Лідэр партыі Габрыелюс Ландсбергіс павіншаваў сацыял-дэмакратаў зь перамогай.
«Я думаю, будзе справядліва павіншаваць сацыял-дэмакратаў. Гэта быў моцны выступ, я жадаю ім адказнага ўраду, адказнага стаўленьня», — сказаў Ландсбергіс журналістам у штаб-кватэры партыі ўвечары 27 кастрычніка.
Лідэрка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце, адзначаючы перамогу на парлямэнцкіх выбарах, паведаміла, што плянуе сустрэцца з кіраўніком дэмакратычнай партыі «Ў імя Літвы» Саўлюсам Сквярнялісам для абмеркаваньня фармаваньня кіроўнай кааліцыі.
Калі сацыял-дэмакратам, якія перамаглі на выбарах, удасца сфармаваць урад, дык ён, як чакаецца, захавае жорсткую пазыцыю Літвы ў адносінах да Расеі і высокі ўзровень абаронных выдаткаў.
41,31% выбарнікаў прагаласавалі ў другім туры выбараў у Сойм, сьведчаць зьвесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі Літвы, атрыманыя ўвечары 27 кастрычніка пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. 30,52% выбарнікаў прагаласавалі ў дзень выбараў, яшчэ 10,8% — датэрмінова. Гэтая яўка вышэйшая, чым у другім туры парлямэнцкіх выбараў 2020 году, але ніжэйшая за яўку ў першым туры галасаваньня сёлета.
Галасаваньне на выбарчых участках пачалося а 7-й раніцы і скончылася а 8-й вечара паводле мясцовага часу. 27 кастрычніка абіралі 63 чальцоў літоўскага Сейма, у першым туры было выбрана 78 са 141 чальцоў Сейма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве праходзіць другі тур выбараў у парлямэнт, пасьля якога сфармуюць новы ўрад- Сейм Літвы — аднапалатны парлямэнт у складзе 141 дэпутата, іх абіраюць на чатырохгадовы тэрмін паралельным галасаваньнем.
- 71 дэпутата абіраюць у аднамандатных акругах, а 70 астатніх парлямэнтароў — паводле прапарцыйнай сыстэмы.
- Выбары ў мажарытарных акругах праходзяць у два туры.
- Галасаваць на выбарах могуць усе грамадзяне Літвы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.