У ноч на 27 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Кіеў з выкарыстаньнем прыкладна дзясятка бесьпілётнікаў, усіх іх удалося зьбіць у навакольлях горада, паведаміў кіраўнік адміністрацыі Сяргей Папко. Пацярпелых ці разбурэньняў не зафіксавана.
У Роменскім раёне Сумскай вобласьці пад удар трапілі энэргетычныя аб’екты крытычнай інфраструктуры. Узровень разбурэньняў устанаўліваюць адпаведныя службы, паведамілі ў абласной адміністрацыі. Агулам за ноч і раніцу расейскія войскі абстралялі Сумскую вобласьць 37 разоў.
У Дняпры 27 кастрычніка аб’явілі днём смутку па загінулых у выніку расейскага ракетнага ўдару, які адбыўся ў ноч на 26 кастрычніка. У выніку атакі загінулі 5 чалавек, яшчэ 21 атрымалі раненьні.
Агулам за ноч тэрыторыю Ўкраіны атакавалі 80 расейскіх бесьпілётнікаў, паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны. Агулам атрымалася зьбіць 41 дрон у Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Кіеўскай, Сумскай, Кіраваградзкай, Чаркаскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай і Чарнігаўскай абласьцях. Найбольш дронаў зьбілі ў Адэскай і Кіеўскай абласьцях. 32 дроны «лякальна страчаныя», адзін паляцеў у напрамку Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» тым часам сьцьвярджае, што ў ноч на 27 кастрычніка ў беларускую паветраную прастору ўвайшлі сама меней два расейскія дроны.
Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёты на беларускую тэрыторыю расейскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26 кастрычніка.
Тым часам Мінабароны Расеі паведаміла, што ў ноч на 27 кастрычніка над тэрыторыяй Расеі зьбілі 51 украінскі бесьпілётнік: 18 — над Тамбоўскай вобласьцю, 16 — над Белгарадзкай, яшчэ па чатыры — над Бранскай, Ліпецкай і Арлоўскай абласьцях, тры — над Варонежскай вобласьцю, па адным — над Курскай вобласьцю і над акваторыяй Азоўскага мора.
У вёсцы Варвараўка Белгарадзкай вобласьці ў выніку атакі дронаў быў паранены адзін чалавек, паведаміў кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Акрамя таго, на тэрыторыі прыватнага дома пашкоджаны гараж і аўтамабіль, на тэрыторыі іншага дома — яшчэ адзін транспартны сродак.
Уначы губэрнатар Тамбоўскай вобласьці паведаміў пра пажар у выніку атакі бесьпілётнікаў. Паводле яго, гэта адбылося ў Мічурынскай муніцыпальнай акрузе, аднак чыноўнік не ўдакладніў, на якім менавіта аб’екце. Мясцовыя жыхары паведамляюць, што пажар узьнік на дыспэтчарскай станцыі «Транснафта-Дружба» ў сяле Нованікольскае, у гэтым жа сяле знаходзіцца «Мічурынскі нафтаперапрацоўчы завод», зьвярнула ўвагу ASTRA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака дронамі: адзін расейскі бесьпілётнік заляцеў у Беларусь, у рэгіёнах Расеі пацярпелі сьпіртзаводы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клічко: у Кіеве дрон патрапіў у жылы дом, гараць верхнія паверхі