Аўтары матэрыялу сьцьвярджаюць, што тры гады таму тагачасныя кансэрватыўныя ўлады Польшчы дазволілі Аляксандру Машэнскаму жыць і працаваць у Варшаве.
«Беларускі алігарх свабодна езьдзіць паміж Польшчай і Беларусьсю. Ён здымае кватэру ў Варшаве і таксама вядзе тут свой бізнэс». — гаворыцца ў рэпартажы.
Яго аўтар Бэртальд Кітэль сьцьвярджае, што Машэнскі валодае «Мэрсэдэсам» з чырвонымі консульскімі спэцнумарамі. У другой палове тыдня кіроўца нібыта прывозіць яго на выходныя зь Беларусі ў Варшаву.
«Тут і кавярні, і рэстараны, і на выходныя можна з сям’ёй куды-небудзь зьлятаць на самалёце. Эўрапейскае жыцьцё», — кажа Кітэль. Пра магчымасьць свабодных авіяпералётаў з Варшавы журналісту расказаў і сам Машэнскі, якога зьнялі схаванай камэрай. Машэнскі свабодна размаўляе на запісе па-польску.
Паводле аўтара рэпартажу, Машэнскі «баіцца трапіць у санкцыйны сьпіс, але больш за 10 гадоў рэжым выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб ён ня трапіў у яго». Кітэль сьцьвярджае, што ад санкцый Аляксандра Машэнскага ратавалі найперш ісьляндзкія палітыкі, якія лабіявалі на яго карысьць у Эўразьвязе.
«Эканоміка Ісьляндыі дэ-факта залежыць ад бізнэсу Машэнскага, і вугорцы, якія проста наклалі вета на праект гэтага санкцыйнага сьпісу», — расказаў Кітэль.
Машэнскаму належаць буйныя рыбаперапрацоўчыя і малочныя заводы. Яго называюць лаяльным да Лукашэнкі алігархам. Аднак з 2020 году ён пазьбягае эўрапейскіх санкцый, нягледзячы на тое, што некалькі разоў яго ўключалі ў чарнавыя санкцыйныя сьпісы.
У 2022 годзе яго выключылі і з шостага пакету санкцый ЭЗ дзякуючы лабіяваньню Вугоршчыны. Паводле журналістаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што найбліжэйшы ягоны паплечнік — Сяргей Нядбайлаў — зьяўляецца ганаровым консулам Вугоршчыны ў Берасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец Машэнскі страціў кантроль над сонечнай электрастанцыяй ва Ўкраіне? Што пра гэта вядома