WSJ: Расея дала хусітам у Емэне спадарожнікавыя дадзеныя для ўдараў у Чырвоным моры. Крэмль гэта адмаўляе

Нафтавы танкер Cordelia Moon загарэўся пасьля нападу ў Чырвоным моры, кастрычнік 2024

Газэта The Wall Street Journal (WSJ) апублікавала расьсьледаваньне пра тое, што ў пачатку 2024 году Расея перадала емэнскім хусітам дадзеныя са спадарожнікаў, якія тыя выкарыстоўвалі для нападаў на караблі заходніх краінаў у Чырвоным моры.

У артыкуле WSJ спасылаюцца на неназваныя крыніцы, у тым ліку на двух эўрапейскіх чыноўнікаў у галіне абароны. Паводле іх інфармацыі, Расея перадавала дадзеныя праз чальцоў іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, інтэграваных у шэрагі хусітаў у Емэне.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў РБК, што апублікаваная WSJ інфармацыя непраўдзівая. «Мы ўжо не ўспрымаем іх як аўтарытэтныя газэты, якія гавораць толькі праўду», — адзначыў ён.

Емэнскія хусіты, якія кантралююць паўночна-заходні Емэн, нападаюць на марскія караблі з канца 2023 году на знак падтрымкі ўзброенай групоўкі ХАМАС. Па словах суразмоўцы газэты, расейскія дадзеныя дапамаглі хусітам пашырыць свае ўдары ў Чырвоным моры.

Агенцтва Reuters пісала, што расейскія ўлады вядуць перамовы з хусітамі аб перадачы ім супрацькарабельных ракетаў, а да нападаў хусітаў на караблі ў Чырвоным моры датычныя Іран і лібанская групоўка «Хэзбала».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўдарылі па складах хусітаў у Емэне

Напады хусітаў парушылі міжнародны гандаль на ключавым шляху паміж Эўропай і Азіяй (да 15% сусьветнага гандлю ажыцьцяўляецца праз Чырвонае мора). Некаторыя суднаходныя кампаніі спынілі сваю дзейнасьць у рэгіёне, накіроўваючы караблі вакол Афрыкі, што даўжэй и даражэй.

Усяго зь лістапада 2023 году баевікі атакавалі больш за 100 караблёў, патапіўшы два і захапіўшы адзін, паведамляе The Wall Street Journal.