У Эўразьвязе адрэагавалі на прызначэньне выбараў у Беларусі: «Лукашэнка ня мае дэмакратычнай легітымнасьці»

Прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана. Архіўнае фота

З прычыны масавых рэпрэсій, абмежаваньняў на ўдзел грамадзян у палітычных працэсах, задушэньня незалежных СМІ і маштабных парушэньняў правоў чалавека «ўмовы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі адсутнічаюць».

Гэтак заявіў «Позірку» афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў Пэтэр Стана.

Паводле яго, Эўразьвяз «прымае да ўвагі аб’яўленьне даты так званых выбараў у Беларусі». Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі «не прадставіў ніякіх прыкмет таго, што плянуе запрасіць місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня за так званымі выбарамі», падкрэсьліў Стана.

«Відавочна, што ніводная з рэальных апазыцыйных сіл ня будзе дапушчаная да ўдзелу ў іх», — дадаў ён.

Прадстаўнік ЭЗ таксама адзначыў, што «Сьвятлана Ціханоўская зьяўляецца лідэркай беларускіх дэмакратычных сіл», і Эўразьвяз «будзе працягваць цесна супрацоўнічаць зь ёй і з усімі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці».

«На нашу думку, мерапрыемства, аб’яўленае на 26 студзеня, не акажа ніякага ўплыву на ейную ролю як лідэра беларускіх дэмакратычных сіл», — сказаў Стана.

Адказваючы на пытаньне аб стаўленьні Эўрапейскага зьвязу да намеру Лукашэнкі балятавацца на сёмы тэрмін, ён нагадаў, што «ЭЗ не прызнаў фальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году».

«Такім чынам Аляксандар Лукашэнка ня мае ніякай дэмакратычнай легітымнасьці», — падкрэсьліў Стана.

«Беларускія грамадзяне заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць з дапамогай інклюзіўных, празрыстых і годных даверу выбараў», — рэзюмаваў ён.

23 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі на 26 студзеня 2025 году. У той жа дзень Лукашэнка заявіў аб намеры прыняць удзел у іх. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі галасаваць на выбарах супраць усіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы абвясьцілі пра пачатак экспэртнай місіі для маніторынгу выбараў 2025 году ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦВК паведамілі, што за мяжой выбарчых участкаў ствараць ня будуць

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.