Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ў інтэрвію расейскім і замежным журналістам, зьяўляюцца «рашучым намёкам», што беларускія войскі ня будуць ваяваць ва Ўкраіне.
«Лукашэнка 23 кастрычніка адказваў на пытаньне BBC аб тым, што паўночнакарэйскія войскі зьбіраюцца ваяваць разам з расейскімі ва Ўкраіне, і заявіў, што гэтыя паведамленьні — „глупства“, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін „ніколі б не спрабаваў пераканаць“ іншую дзяржаву залучыць яе армію ў вайне Расеі ва Ўкраіне і што разгортваньне ўзброеных сіл зь любой дзяржавы, у тым ліку зь Беларусі, на лінію фронту ва Ўкраіне было б „крокам да эскаляцыі“ вайны», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 24 кастрычніка.
Экспэрты таксама зьвярнулі ўвагу на заяву Лукашэнкі аб тым, што вынікам уцягваньня Беларусі ў вайну стане ўвядзеньне сіл NATO на тэрыторыю Ўкраіны.
«Лукашэнка працягваў адмаўляць датычнасьць Беларусі да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі. А ў інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу „Россия-1“ заявіў, што ня лічыць, што расейскаму кіраўніцтву або ўзброеным сілам Расеі патрэбныя паўночнакарэйскія войскі, паколькі расейскіх сіл на фронце дастаткова, а ў Расеі ёсьць значныя мабілізацыйныя рэсурсы», — адзначылі экспэрты.
У Інстытуце вывучэньня вайны зьвярнулі ўвагу на тое, што дзяржаўнае агенцтва ТАСС паведаміла толькі пра заяву Лукашэнкі аб меркаваным увядзеньні войскаў NATO ва Ўкраіну, безь ягонага ўдакладненьня, што выкарыстаньне паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў не адпавядае інтарэсам Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве пракамэнтавалі вэрсію Лукашэнкі пра напад Расеі на Ўкраіну ў 2022 годзе
24 кастрычніка ўкраінская выведка паведаміла, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў — 23 кастрычніка «іх зьяўленьне зафіксаванае ў Курскай вобласьці Расеі».
24 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту BRICS у Казані пракамэнтаваў паведамленьні аб прысутнасьці на расейскай тэрыторыі вайскоўцаў з Паўночнай Карэі для імавернага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Карэспандэнт NBC News са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, якія паказваюць наяўнасьць салдат КНДР у Расеі, спытаў Пуціна пра мэты вайскоўцаў і пра верагоднасьць яшчэ большай эскаляцыі ў вайне.
«Здымкі — рэч сур’ёзная. Калі ёсьць здымкі, значыць, яны нешта адлюстроўваюць», — сказаў Пуцін.
Прэзыдэнт Расеі таксама адзначыў, што расейская Дзярждума 24 кастрычніка ратыфікавала дамову аб стратэгічным партнэрстве з Паўночнай Карэяй. У дамове ёсьць артыкул аб узаемнай ваеннай дапамозе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: меркаваны ўдзел КНДР у вайне Расеі супраць Украіны яшчэ расьсьледуецца