Беларусь уваходзіць у «тройку» краін, да якіх украінцы маюць нэгатыўнае стаўленьне пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова, 94% украінцаў ставяцца нэгатыўна да Расеі, 85% — да Ірану, 84% — да Беларусі, 76% — да Паўночнай Карэі, 73% — да Кітаю і 59% — да Вугоршчыны.
У студзені 2024-га 87,4% апытаных выказалі пераважна нэгатыўнае (21,8 %) і цалкам нэгатыўнае (65,6 %) стаўленьне да Беларусі, у жніўні 2023 году гэтыя лічбы складалі адпаведна 86,5% (18% і 68,5%), у лютым–сакавіку 2023-га — 80,7% (24,4% і 56,3%). Да вайны, у сакавіку 2021 году, нэгатыўна ставіліся да Беларусі толькі 31% (19,8% і 11,2%).
Паводле апытаньня, 78% рэспандэнтаў назвалі Беларусь бокам вайны, які ваюе супраць Украіны (толькі 11% не пагадзіліся з такой думкай). 68% апытаных выказаліся за поўны разрыў усіх дачыненьняў зь Беларусьсю, уключна з забаронай на ўезд грамадзян Беларусі ва Ўкраіну, апроч тых, хто просіць палітычнага прытулку (у лютым–сакавіку 2023 году колькасьць такіх апытаных складала 69,2%). Не падтрымліваюць ідэю разрыву дачыненьняў толькі 19% апытаных (у лютым–сакавіку 2023 году колькасьць такіх апытаных складала 16,6%).
Сацыялягічная служба Цэнтру Разумкова 20–26 верасьня апытала 2016 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць выбаркі не перавышае 2,3%. Разам з тым сацыёлягі ня выключылі, што дадатковыя сыстэматычныя адхіленьні могуць быць абумоўленыя наступствамі расейскай агрэсіі, у тым ліку вымушанай эвакуацыяй мільёнаў грамадзян.