Паводле зьвестак украінскай выведкі, першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў — 23 кастрычніка «іх зьяўленьне зафіксаванае ў Курскай вобласьці Расеі».
Трэнінгі вайскоўцаў КНДР, якія прыбылі ў Расею, праходзяць на пяці вайсковых палігонах, разьмешчаных на ўсходзе Расеі, сьцьвярджаюць ва ўкраінскай выведцы.
«На зладжваньне вайскоўцаў з Паўночнай Карэі, якія Расея мае намер задзейнічаць у вайне супраць Украіны, выдзяляюць некалькі тыдняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ва ўкраінскай выведцы адзначылі, што паводле яе ацэнак, колькасьць перакінутых у Расею паўночнакарэйскіх вайскоўцаў цяпер складае каля 12 тысяч чалавек, сярод іх 500 афіцэраў, «у тым ліку тры пхэньянскія генэралы».
Украінская выведка ўдакладняе, што адказным за кантроль ваеннай падрыхтоўкі і адаптацыі вайскоўцаў КНДР Крэмль прызначыў намесьніка міністра абароны Расеі Юнус-Бека Еўкурава.
24 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту BRICS у Казані пракамэнтаваў паведамленьні аб прысутнасьці на расейскай тэрыторыі вайскоўцаў з Паўночнай Карэі для імавернага ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Карэспандэнт NBC News са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, якія паказваюць наяўнасьць салдат КНДР у Расеі, спытаў Пуціна пра мэты вайскоўцаў і пра верагоднасьць яшчэ большай эскаляцыі ў вайне.
«Здымкі — рэч сур’ёзная. Калі ёсьць здымкі, значыць, яны нешта адлюстроўваюць», — сказаў Пуцін.
Прэзыдэнт Расеі таксама адзначыў, што расейская Дзярждума 24 кастрычніка ратыфікавала дамову аб стратэгічным партнэрстве з Паўночнай Карэяй. У дамове ёсьць артыкул аб узаемнай ваеннай дапамозе.
«Мы ніколі не сумняваліся, што паўночнакарэйскае кіраўніцтва ставіцца да нашых дамоўленасьцяў сур’ёзна. Але што і як мы будзем рабіць, гэта ўжо наша справа ў рамках гэтага артыкулу», — зазначыў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: меркаваны ўдзел КНДР у вайне Расеі супраць Украіны яшчэ расьсьледуецца- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі раней прадставілі доказы, уключаючы відэа, на якіх было паказана, як паўночнакарэйскія войскі адпраўляюцца ў Расею. Паводле зьвестак Сэула, 12 тысяч паўночнакарэйскіх спэцназаўцаў цяпер праходзяць навучаньне ў трэнавальным лягеры «Сергіеўскі», апранутыя ў расейскую вайсковую форму і маючы расейскія пасьведчаньні асобы.
- Газэта The Washington Post са спасылкай на неназванага супрацоўніка ўкраінскай выведкі пісала, што некалькі тысяч паўночнакарэйскіх пяхотнікаў праходзяць падрыхтоўку ў Расеі і могуць быць накіраваныя на лінію фронту ва Ўкраіне да канца 2024 году.
- У Крамлі адпрэчылі гэтыя абвінавачаньні як «фэйкавыя навіны». Амбасадар КНДР у ААН Кім Сон таксам абверг паведамленьні аб накіраваньні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў для дапамогі Расеі ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.