Праваабаронцы абвясьцілі пра пачатак экспэртнай місіі для маніторынгу выбараў 2025 году ў Беларусі

Выбары прэзыдэнта ў Беларусі, 2015 год. Ілюстрацыйнае фота

Праз адсутнасьць магчымасьці паўнавартаснага назіраньня за выбарчым працэсам на месцах кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» запускае экспэртную місію, якая будзе ацэньваць выбары на падставе адкрытых крыніц і інфармацыі ад выбарнікаў.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая спэцыялізуецца на ацэнцы выбараў і выкананьні выбарчых правоў грамадзян у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, абвясьціла пра пачатак экспэртнай місіі для маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 году. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Пасьля фальсыфікаваных выбараў у 2020 годзе, мірных пратэстаў і наступных масавых рэпрэсіяў Беларусь застаецца ў стане палітычнага крызісу. Улады абвясьцілі чарговыя прэзыдэнцкія выбары, але палітычная сытуацыя ў краіне па-ранейшаму характарызуецца татальнымі рэпрэсіямі, зазначаюць праваабаронцы.

«Зьнішчаныя амаль усе апазыцыйныя партыі і незалежныя СМІ, грамадзянская супольнасьць ліквідаваная, а многія палітычныя дзеячы, актывісты і журналісты знаходзяцца ў турмах або вымушаныя эміграваць. (...) Тысячы асуджаных паводле палітычных матываў грамадзян пазбаўленыя выбарчых правоў. Ня менш за 300 тысяч выбарнікаў вымушаныя былі пакінуць краіну праз атмасфэру страху ці пагрозу палітычна матываванага перасьледу. Усе яны былі пазбаўленыя свайго права галасаваць праз пастанову ўладаў не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлівае, што ва ўмовах дзяржаўнага тэрору і адсутнасьці базавых правоў, такіх як свабода слова, сходаў і асацыяцыяў, немагчыма гаварыць пра сумленныя і свабодныя выбары. Любая сапраўдная выбарчая кампанія патрабуе ня толькі выбарчых працэдур, але і поўнай рэалізацыі правоў грамадзян, што ў сучаснай Беларусі адсутнічае, зазначаюць праваабаронцы.

Ня маючы магчымасьці для паўнавартаснага назіраньня за выбарчым працэсам на месцах, кампанія запускае экспэртную місію, якая будзе зьбіраць і аналізаваць інфармацыю пра хаду выбарчай кампаніі з адкрытых крыніц і ад людзей у Беларусі праз ананімныя і бясьпечныя каналы сувязі. Усе зьвесткі аб парушэньнях будуць дакумэнтаваць і публікаваць у сэрыі справаздач, даступных для нацыянальнай і міжнароднай грамадзкасьці.

Мэта экспэртнай місіі — дакумэнтаваньне выбарчага працэсу і ацэнка яго адпаведнасьці міжнародным стандартам. Гэта дазволіць і надалей ажыцьцяўляць грамадзянскі кантроль за дзеяньнямі рэжыму Лукашэнкі, нягледзячы на рэпрэсіі і адсутнасьць сапраўднага выбарчага кантролю ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК патлумачыў, чаму ня будзе публікаваць імёны сяброў выбарчых камісій
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦВК паведамілі, што за мяжой выбарчых участкаў ствараць ня будуць

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.