«ПіК Свабоды»: Гарбунова і Кавалеўскі — пра рэалістычныя сцэнары вызваленьня палітвязьняў да выбараў і магчымыя перамовы з рэжымам

Палітыкі Вольга Гарбунова і Валер Кавалеўскі. Вызваленьне палітвязьняў. Каляж

На якіх умовах Лукашэнка можа вызваліць палітвязьняў да 26 студзеня? Што адбываецца падчас непублічных перамоваў прадстаўнікоў заходніх краінаў з прадстаўнікамі рэжыму? І якая тут можа быць роля дэмакратычных сілаў?

Суразмоўцы Ганны Соўсь у «Піку Свабоды» — Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, і Вольга Гарбунова, былая палітзьняволеная, грамадзкая дзяячка, заснавальніца дабрачыннага фонду падтрымкі «21 траўня». І Вольга, і Валер — у мінулым чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, і абое пакінулі яго з уласнага жаданьня, у тым ліку празь нязгоду з пэўнымі пазыцыямі.

Глядзець відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Валер Кавалеўскі:

  • Мы з Вольгай сышлі з кабінэту ня толькі таму, што з чымсьці былі нязгодныя. Такі фармат працы дазваляе быць больш практычным. Разам з Вольгай мы супрацоўнічаем з Тацянай Хоміч... Так атрымалася, што ў палітычных структураў фокус усё ж — на падтрымку палітвязьняў, іх сем’яў і вызваленых палітвязьняў. Гэта вельмі важны напрамак. Тут працуюць дзясяткі ініцыятываў штодзённа. Што тычыцца нашай працы, то наш фокус менавіта на пытаньнях вызваленьня.
  • Галоўная каштоўнасьць Беларусі — людзі, і ўлады гэта пачынаюць усьведамляць. Беларусі трэба разьвівацца, каб не адставаць ад перадавых краінаў. Палітычныя вязьні, новыя рэпрэсіі адкідаюць нас далёка назад.
  • Ёсьць пэўныя прыкметы таго, што гэты дыялёг ідзе. Магчыма, ён становіцца больш актыўным. Рэжым яшчэ недастаткова зрабіў, каб паказаць, што гэта ўсур’ёз, што гэта не выпадковасьць. Трэба выпускаць значна больш людзей.
  • Павінны быць перамовы, якія прывядуць нас да вырашэньня ўнутрыпалітычнага крызісу. Трэба ісьці на кантакты і дыялёг. Мяне трохі зьдзіўляе, што шмат крытычных і нават балючых рэакцый на саму тэму кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Такое адчуваньне, што ў дэмсілаў застаўся толькі адзін крок да таго, каб перамагчы... Мы разумеем, што знаходзімся ў зусім іншым месцы, калі параўнаць з 2020 годам. І тут самы час пераацаніць, даць адэкватную, цьвярозую ацэнку, што адбываецца, што мы можам зрабіць і чаго дасягнуць.
  • Трэба адэкватна ацэньваць апанэнтаў. Гэтыя людзі могуць быць матываванымі і здольнымі. Максім Рыжанкоў мае давер Лукашэнкі, а гэта неабходная перадумова для таго, каб ён быў пасьпяховым у сваёй справе. Уладзімер Макей пасьля 2020 году страціў такі давер Лукашэнкі, і гэта стала прычынай яго сыстэмнага заняпаду ў мадэлі кіраваньня Лукашэнкі. Рыжанкоў мае вельмі высокі ўзровень працаздольнасьці, умее адстойваць сваю пазыцыю, умее імправізаваць... Мы бачым досыць сур’ёзную актывізацыю зьнешнепалітычнай дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі.
  • Адно з адрозьненьняў нашай пазыцыі ў працы над вызваленьнем палітвязьняў — гэта тое, што мы разьдзяляем рэпрэсіі і працу па вызваленьні людзей. Безумоўна, трэба спыняць новыя арышты, трэба вызваляць усіх людзей. Аднак казаць, што вызваленьні ня маюць сэнсу ва ўмовах рэпрэсій, гэта значыць не заўважаць асабістых лёсаў тых, хто некалькі гадоў правёў за кратамі. Нават у ваенных канфліктах бакі вядуць баявыя дзеяньні і адначасова вядуць перамовы пра абмен ваеннапалоннымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што гатовы разгледзець зварот Калесьнікавай аб памілаваньні, але «ня варта яе вылучаць, калі там сядзіць мільён»

Вольга Гарбунова:

  • Што да згадкі Калесьнікавай у інтэрвію, то я вельмі рада, што здымаецца з гэтай тэмы стыгма. Пра гэта пытаюцца журналісты, гучаць вядомыя прозьвішчы. Нам даўно час адмовіцца ад небясьпечнага наратыву, што вядомых палітвязьняў ён ніколі не адпусьціць. Хто нам гэта сказаў? Сям’я Марыі ўжо выказала надзею, што будзе разгледжаная просьба на памілаваньне. Гэтая гераізацыя палітвязьняў ня мае будучыні. Гэтая канцэпцыя пакідае людзей у закладніках гэтай сытуацыі. Мы ня ведаем, што думаюць людзі, якія вымушаныя выжываць там.
  • Як бы нам ні хацелася разумець, аналізаваць, прагназаваць, але рэжым цішыні — неабходная ўмова для таго, каб былі дасягнутыя хай нейкія пазытыўныя зрухі. Кантэкст пасьля лета гэтага году мяняецца. Нашы заходнія партнэры бачаць нейкую магчымасьць цяпер узмацняць камунікацыю. Яна асабліва не спынялася.
  • Калі гаварыць пра гіпатэтычныя, патэнцыйныя перамовы, да якіх яшчэ вельмі далёка, трэба разумець, што гэта павінен быць дыялёг паміж беларусамі. Пры пасярэдніцтве і падтрымцы, але гэта наша справа, нашай краіны, нашых людзей. Многія ацэньваюць сытуацыю, зыходзячы зь нерэалістычных чаканьняў і ідэальнага вырашэньня сытуацыі. Так не бывае. У перамовах патрэбныя людзі, якія валодаюць пэўнай гібкасьцю, якія не займаюць радыкальныя пазыцыі і якіх не палохае адказнасьць за непапулярныя рашэньні.
  • Я ня ўпэўнена, што ў нас ёсьць шмат чаго прапанаваць, але ўсё ж пэўны капітал нарошчаны за чатыры гады. Сядзець на тым, што можа з часам губляць актуальнасьць... Я кажу пра санкцыі, якія могуць быць скасаваныя без узгадненьня з дэмсіламі. І пра вяртаньне паслоў, якое таксама можа адбыцца без узгадненьня з дэмакратычнымі сіламі. І шэраг іншых пазыцый, за якія актыўна выступае частка дэмсілаў. Нам важна прагназаваць ня толькі той ідэальны сцэнар, які ёсьць у кожнага щ галаве, а больш-менш рэалістычны сцэнар, што мы знаходзімся ў сур’ёзнай, патэнцыйна небясьпечнай сытуацыі, калі нашы інтарэсы могуць быць ня ўлічаныя.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.