Ураджэнец Радашкавічаў Павал Валужын дэбютаваў у нью-ёрскай «Мэтраполітэн-опэры» — адным з самых прэстыжных тэатраў у сьвеце. Інфармацыя пра гэта зьявілася на сайце амэрыканскага калектыву, заўважыла «Люстэрка».
Беларус выканаў партыю герцага Мантуанскага ў опэры Джузэпэ Вердзі «Рыгалета».
Павал Валужын нарадзіўся ў Радашкавічах. Скончыў Маладачанскую музычную вучэльню імя Агінскага, а потым — Санкт-Пецярбурскую дзяржаўную кансэрваторыю. У 2013–2016 гадах быў артыстам Моладзевай опэрнай праграмы Вялікага тэатру Расеі, у 2016–2018 — салістам опэрнай трупы Вялікага тэатру.
У 2017-м адбыўся эўрапейскі дэбют Валужына ў Тэатры Базэля ў Швайцарыі (опэра «Багема» Джакама Пучыні). Пасьля ён выступаў у Нямецкай опэры ў Бэрліне, у опэрных тэатрах Дрэздэна (Нямеччына), Вены (Аўстрыя), Тулёна (Францыя), на Брэгенцкім фэстывалі ў Аўстрыі. З 2018 году Валужын быў салістам Дзяржаўнай опэры Штутгарта (Нямеччына).
Да Валужына зь ліку беларусаў на нью-ёрскай сцэне выступалі толькі салісты Марыінскага тэатру Кацярына Семянчук і Ірына Гардзей, салістка Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі Аксана Волкава, а таксама Аляксандар Раславец, саліст Гамбурскага опэрнага тэатру (Нямеччына).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася за кулісамі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Адзін дзень з стваральнікамі опэры і таямніцы пастаноўкі ў Лёндане ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 сьпевакоў за 400 гадоў. Знаўца беларускай опэры робіць справу дасьледчага інстытуту