Завялі крымінальныя справы супраць удзельнікаў карупцыйнай схемы, у якую былі ўцягнутыя службовыя асобы 11 найбуйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці Беларусі, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
Службовыя асобы 11 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці атрымлівалі хабар за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў па закупцы швейнага абсталяваньня, запчастак і камплектуючых ад прадстаўніка віцебскай камэрцыйнай структуры, расказаў начальнік упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскай вобласьці Павал Бялянін.
Паводле яго, за хабар яны забясьпечвалі перамогу падчас правядзеньня закупак і своечасовасьць аплаты за пастаўленую прадукцыю.
«Памер хабару даходзіў да дзясяткаў тысяч рублёў», — расказаў Бялянін.
Прозьвішчы фігурантаў і назвы прадпрыемстваў МУС не называе. Гаворыцца, што іх дзейнасьць «трапіла ў поле зроку» супрацоўнікаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Віцебскай вобласьці.
- 16 кастрычніка прадстаўнік упраўленьня па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генпракуратуры Арцём Ігнаценка заявіў, што доля карупцыйных злачынстваў у Беларусі не перавышае 2% ад агульнай колькасьці злачынстваў, кожнае другое злачынства ў гэтай сфэры — хабар. Паводле яго, у 2023 годзе ў Беларусі «ўлічаныя 1253 карупцыйныя злачынствы, да адказнасьці прыцягнулі 924 чалавекі»; за 9 месяцаў 2024 году — 720 карупцыйных злачынстваў, да адказнасьці прыцягнулі 623 чалавекі.
- 70% выпадкаў подкупу, паводле Ігнаценкі, выяўляецца ў «закупачнай дзейнасьці, выкананьні дамоваў і аказаньні іншага заступніцтва, так званага „крышаваньня“, камэрцыйным структурам».
- Паводле зьвестак Вярхоўнага суду, у першай палове 2024 году ў Беларусі за карупцыйныя злачынствы асудзілі 328 чалавек (на 4,4% менш, чым за аналягічны пэрыяд летась).
- Згодна з «Індэксам успрыманьня карупцыі» міжнароднай няўрадавай арганізацыі Transparency International, у 2023 годзе сытуацыя з карупцыяй у Беларусі пагоршылася: па выніках году краіна атрымала 37 балаў (супраць 39 балаў у 2022-м і 41 — у 2021-м) і падзяліла 98-е месца з Альбаніяй, Аргентынай, Этыёпіяй, Гамбіяй і Замбіяй (годам раней заняла 91-е).
- Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй.