Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што на саміце BRICS, што праходзіць у расейскай Казані, Уладзімір Пуцін спрабаваў «нармалізаваць вайну» пад прыкрыцьцём заклікаў аб недапушчэньні эскаляцыі.
«Цяпер, калі лідэры некаторых дзяржаў сабраліся на пуцінскім саміце ў Казані і калі, па сутнасьці, праз гэты іхны саміт можна перамяшчаць вайскоўцаў з Паўночнай Карэі бліжэй да фронту ва Ўкраіне пад акампанэмэнт слоў пра нібыта недапушчэньне напружанасьці, мы ўсё роўна ведаем: пераможа не злачынец, ня той, хто руйнуе, ня той, хто дэпартуе, а той, хто аб’ядноўвае народ на аснове фундамэнтальных чалавечых каштоўнасьцяў і статуту ААН», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўдзельнікаў трэцяга парлямэнцкага саміту Крымскай плятформы, які адбываецца ў Рызе (Латвія).
Прэзыдэнт Украіны зноў падкрэсьліў, што справядлівага міру ва Ўкраіне можна дасягнуць толькі на аснове Статуту ААН. «Гэта пра сапраўдны мір, а не пра тое, як нармалізаваць вайну», — перакананы ён.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі, што дэклярацыя, ухваленая лідэрамі краін BRICS у Казані, сьведчыць пра тое, што Расеі «не ўдалося „экспартаваць“ свае нэаімпэрыялістычныя погляды на зьмену сьветавога правапарадку і глябальнай архітэктуры бясьпекі праз агрэсію супраць Украіны».
«Спробы Масквы навязаць уяўленьне пра нібыта альтэрнатыўную пазыцыю так званага „Глябальнага Поўдня“ на расейскую агрэсію супраць Украіны пацярпелі чарговае фіяска. Дэклярацыя прадэманстравала, што BRICS, як аб’яднаньне, ня мае адзінай пазыцыі наконт расейскай агрэсіі супраць Украіны. Саміт BRICS толькі чарговы раз засьведчыў, што ўсясьветная большасьць застаецца на баку Ўкраіны ў яе памкненьні гарантаваць усталяваньне справядлівага міру», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны BRICS не прыйшлі да згоды ў пытаньні Ўкраіны23 кастрычніка дзельнікі саміту BRICS ухвалілі Казанскую дэклярацыю, якая зьмяшчае 134 пункты. У адным зь іх, які тычыўся Ўкраіны, адзначалася пра «нацыянальныя пазыцыі» наконт сытуацыі ва Ўкраіне і вакол яе, абазначаныя на адпаведных форумах, уключаючы Раду Бясьпекі ААН і Генэральную Асамблею ААН.
«Мы падкрэсьліваем, што ўсе дзяржавы павінны дзейнічаць у адпаведнасьці са Статутам ААН ва ўсёй паўнаце і ўзаемазьвязанасьці. Мы з задавальненьнем вітаем усе прапановы аб пасярэдніцтве і добрых паслугах, закліканых забясьпечыць мірнае ўрэгуляваньне канфлікту шляхам дыялёгу і дыпляматыі», — адзначаецца ў дэклярацыі. У дакумэнце ня згадваецца аб супольнай пазыцыі арганізацыі BRICS.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Лукашэнку вабіць BRICS ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое BRICS і якія краіны ўваходзяць у гэтую групу? МАПА