Вялікая Брытанія і Нямеччына заявілі, што пакт уключае ў сябе абавязаньне распрацаваць новую зброю, якое мае большую далёкасьць і дакладнасьць, чым сёньняшнія ракетныя сыстэмы далёкага радыюсу дзеяньня, у прыватнасьці Storm Shadow, якія Вялікая Брытанія перадала Ўкраіне, піша «Голас Амэрыкі».
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі адзначыў, што падпісанае пагадненьне зьяўляецца першай поўнамаштабнай дамовай аб абаронным супрацоўніцтве паміж дзьвюма краінамі.
Паводле ўмоваў пагадненьня, Нямеччына будзе пэрыядычна разьмяшчаць самалёты ў Шатляндыі, каб дапамагчы абараніць паўночную частку Атлантычнага акіяна. Бэрлін і Лёндан будуць супрацоўнічаць у вытворчасьці вайсковых транспартных сродкаў і наземных бесьпілётнікаў, а таксама працаваць над аснашчэньнем нямецкіх верталётаў Sea King (якія Нямеччына перадала Ўкраіне) сучаснымі ракетнымі сыстэмамі.
Rheinmetall адкрые новы завод, які створыць 400 працоўных месцаў і стане першым вытворцам ствалоў для артылерыйскіх гармат у Вялікай Брытаніі за дзесяць гадоў.
Гілі падкрэсьліў, што эўрапейскія саюзьнікі мусяць узяць на сябе вялікую адказнасьць за бясьпеку Эўропы і што Вялікая Брытанія прытрымліваецца прынцыпу: «NATO на першым месцы».
«У больш небясьпечным сьвеце саюзьнікі — наша стратэгічная сіла, і мы павінны больш рабіць разам», — растлумачыў брытанскі міністар.
Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс адзначыў, што Францыя, якая мае двухбаковыя пагадненьні ў пытаньнях бясьпекі як зь Вялікай Брытаніяй, так і зь Нямеччынай, падтрымала новую дамову.
Ён дадаў, што, хаця скандынаўскія і балтыйскія саюзьнікі забілі трывогу, калі Расея анэксавала Крым у 2014 годзе, большая частка Эўропы рэагаваць не спяшалася.
«Мы націснулі на кнопку „драмаць“ і адвярнуліся, а іншыя краіны ня спалі. Таму мы страцілі амаль восем гадоў, і цяпер нам трэба паскорыцца», — сказаў Борыс Пісторыюс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У G7 падтрымалі «незваротны шлях» Украіны да сяброўства ў NATO і абяцалі працягваць яе падтрымку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу бундэсвэру бачыць рэальную пагрозу для NATO з боку Расеі ад 2029 году