Віленскі акруговы суд скасаваў вырак грамадзяніну Беларусі Мацьвею Бяляю, вынесены сёлета ў пачатку году, які прадугледжваў абмежаваньне волі на 11 месяцаў за напад на амбасаду Беларусі ў Літве.
Тады суд залічыў у пакараньне знаходжаньне Мацьвея Бяляя пад вартай у часе дасудовага расьсьледаваньня, а па другім абвіначаньні — спроба ўцёкаў з-пад арышту — апраўдаў.
Цяпер па выніках разгляду апэляцыі Генэральнай пракуратуры Літвы суд асудзіў беларуса на 8 месяцаў і 15 дзён пазбаўленьня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у спробе зьнішчэньня чужой маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў спробе ўцёкаў.
Пакуль гэтую справу Мацьвея Бяляя разглядаў суд першай інстанцыі, Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы ўхваліў рашэньне аб пазбаўленьні яго прытулку і дэпартацыі. Пасьля гэтага беларус уцёк зь Літвы і пэўны час знаходзіўся ў Польшчы, адкуль пераехаў у Швайцарыю.
Літва абвясьціла беларуса ў міжнародны вышук.
У часе знаходжаньня ў Швайцарыі, дзе яго затрымлівалі за парушэньне міграцыйных правілаў, але потым выпусьцілі, Мацьвей Бяляй пасьпеў даць інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Мінская праўда», у якім расказаў, што хоча вярнуцца ў Беларусь і нібыта гатовы перадаць інфармацыю пра беларускую дыяспару і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у эміграцыі.
Цяпер месца знаходжаньня Мацьвея Бяляя дакладна не вядомае.
Раней ён справабаў абскардзіць дзеяньні Літвы аб пазбаўленьні яго прытулку і аб дэпартацыі ў Эўрапейскім судзе ў правах чалавека. Скаргу разгледзелі сёлета 18 сакавіка, цяпер па выніках разгляду рыхтуецца першае судовае рашэньне.