Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты дадуць Украіне крэдыт у памеры 20 мільярдаў даляраў, які будзе забясьпечаны за кошт адсоткаў, атрыманых ад замарожаных расейскіх актываў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Вялікая сямёрка» гарантуе, што гэтыя актывы застануцца замарожанымі да таго часу, пакуль Расея ня спыніць агрэсію супраць Украіны і не заплаціць за ўчыненую ёй шкоду.
«Расея не пераможа ў гэтым канфлікце. Пераможа народ Украіны. Гэта яшчэ адзін напамін Уладзіміру Пуціну аб тым, што сьвет згуртаваўся вакол Украіны і што Злучаныя Штаты і нашы партнэры па „Вялікай сямёрцы“ будуць працягваць падтрымліваць яе на кожным кроку», — падкрэсьліваецца ў заяве прэзыдэнта ЗША, якую цытуе прэс-служба Белага дома.
- 22 кастрычніка міністарка фінансаў ЗША Джанет Елен заявіла, што саюзьнікі па G7 і ЭЗ «вельмі блізкія» да завяршэньня працы над крэдытамі на агульную суму ў 50 мільярдаў даляраў для Ўкраіны, якія будуць забясьпечаныя замарожанымі расейскімі актывамі. Таксама Елен выказала ўпэўненасьць у тым, што расейскія сувэрэнныя актывы застануцца замарожанымі, нягледзячы на неабходнасьць працягу гэтай меры кожныя 6 месяцаў.
- 22 кастрычніка заканадаўцы краінаў G7 і Эўразьвязу ухвалілі выкарыстаньне замарожаных расейскіх актываў для забесьпячэньня крэдыту.
- 23 кастрычніка Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША паведаміла, што адміністрацыя Байдэна імкнецца даць Украіне 10 мільярдаў даляраў у выглядзе вайсковай дапамогі ў рамках сваіх абавязацельстваў перад Кіевам на суму 20 млрд даляраў (доля ЗША па крэдыце на 50 мільярдаў даляраў, узгодненым зь «Вялікай сямёркай» і ЭЗ).
- ЗША плянуюць вылучыць 10 мільярдаў даляраў да сьнежня ў якасьці эканамічнай дапамогі, але маюць патрэбу ва ўхвале Кангрэсу на выдзяленьне яшчэ 10 мільярдаў у выглядзе вайсковай дапамогі, заявіла Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША.