Бяляева трэніруе беларускі юніёрскі танцавальны дуэт Вікторыі Пласконнай і Ўладзіслава Сыціка. У Магнітагорску будзе праходзіць «Гран-пры Расеі» па фігурным катаньні.
У публікацыі адзначаецца, што трэнэрка — грамадзянка Ўкраіны. Бяляева пераехала ў Беларусь з Адэсы ў 2005 годзе. У 2023 годзе яе пусьцілі на спаборніцтвы ў Расеі «пасьля доўгіх праверак у аэрапорце».
«Я ведала, што грамадзяне Ўкраіны доўга праходзяць расейскую мяжу, летась я правяла 12 гадзінаў у Шарамецьеве. Мы да такога былі гатовыя, вырашылі на тры дні паляцець у Балашыху да расейскіх трэнэраў Дзяніса Самохіна і Марыі Баравіковай, у іх цудоўная каманда. Каб гэтыя адмыслоўцы паглядзелі хлопчыкаў і дзяўчатак напярэдадні спаборніцтваў, у спакойным рэжыме перажыць чаканы ў дарозе стрэс — і далей на Ўрал. Хлопцы і дзяўчаты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца. А мяне сёлета ўвогуле не прапусьцілі!» — расказала Бяляева.
Паводле трэнэркі, яе пратрымалі сем гадзінаў у аэрапорце і выдалі паперу аб «выдварэньні» з тэрыторыі Расеі.
«Мне было сказана, што да заканчэньня СВА (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны. — РС) нават не спрабуйце ўяжджаць у Расею. Я перажыву, але спартоўцы ў гэтай сытуацыі пакутуюць больш за ўсё, а ў іх цяпер і так складаны пэрыяд», — сказала трэнэрка.
Грамадзяне Ўкраіны, старэйшыя за 14 гадоў, якія жадаюць трапіць у Расею праз тэрыторыю трэціх краін, могуць гэта зрабіць толькі праз маскоўскі аэрапорт Шарамецьева. Адпаведнае распараджэньне ўрад Расеі прыняў год таму. Згодна з дакумэнтам, у аэрапорце украінцаў чакае праверка дакумэнтаў, анкета, гутарка і іншыя праверкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма грошай і канкурэнцыі». Што адбылося зь беларускім спортам за чатыры гады