Гомельскага актывіста Дзьмітрыя Лукомскага перавялі ў лягер для ўцекачоў закрытага тыпу, паведамляе «Флагшток». 18 кастрычніка сам Лукомскі ў відэазвароце паведаміў, што яго затрымалі і могуць зьмясьціць у турму.
22 кастрычніка жонка актывіста Віялета Майшук удакладніла выданьню, што Дзьмітрыя Лукомскага зьмясьцілі не ў турму, а ў іншы лягер для ўцекачоў — закрытага тыпу.
Яна таксама расказала «Флагштоку», што крымінальнай справы ў дачыненьні да гамельчука ня будзе:
«Ён будзе знаходзіцца ў гэтым лягеры, пакуль юрыст не аспрэчыць гэта ў судзе (тэрмін — да месяца) альбо пакуль нам не дадуць статус уцекачоў. Паводле юрыста, тое, што адбылося, не паўплывае на прыняцьце рашэньня аб уцякацтве».
У новым лягеры, куды трапіў Лукомскі, «усё пад канвоем, але кормяць там лепш, тэлефон пэрыядычна даюць», кажа Віялета:
«Мы ўжо стэлефаноўваліся. Там можна хадзіць у сваім блёку свабодна, у блёку 4–5 пакояў, у пакоі 1–2 чалавекі, таксама ў блёку прыбіральня, душ. Пры гэтым рэчы забралі, за правіннасьць могуць пасадзіць у ізалятар».
Дзьмітры Лукомскі знаходзіцца ў пакоі разам зь іншым беларусам, у блёку ёсьць уцекачы і зь іншых краін: «Дзіма сказаў, што ў іх робіцца тое самае, што і ў Беларусі. Таму ёсьць пра што паразмаўляць зь іншымі людзьмі», — дадала Віялета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Славаччыне затрымалі беларускага актывіста Дзьмітрыя Лукомскага, які жыў у лягеры для ўцекачоўДзьмітры Лукомскі — палітуцякач з Гомля. У 2020 годзе неаднаразова пабываў за «палітыку» ў ІЧУ, дзе зазнаў зьдзекі і катаваньні. Спачатку ўцёк ва Ўкраіну, празь нейкі час пераехаў у Славаччыну, дзе разам са сваёй дзяўчынай Віялетай Майшук апынуўся ў закрытым лягеры для ўцекачоў.
У інтэрвію Свабодзе пара расказвала, як дамагалася паляпшэньня ўмоваў для ўцекачоў у лягеры — у прыватнасьці, дазволу выходзіць зь лягера ў краму. Дзьмітры нават абвяшчаў галадоўку. У выніку дырэктарка пайшла на саступкі беларусам. «Харчаваньне палепшылася. Украінцы нам дзякавалі за гэта і называлі нас выратавальнікамі. Бо да гэтага яны скардзіліся на ежу, але іх ніхто ня чуў», — расказваў Дзьмітры Лукомскі.
9 верасьня Дзьмітрыя і Віялету перавялі ў іншы лягер, дзе можна выходзіць за тэрыторыю.
18 кастрычніка Дзьмітры Лукомскі паведаміў у відэазвароце, што яго затрымала мясцовая паліцыя — на ягоную думку, за «дзейнасьць па адстойваньні правоў уцекачоў у лягеры». Віялета Майшук у камэнтары «Флагштоку» казала, што Лукомскага пакінулі ў ізалятары, а раніцай 19 кастрычніка павінны былі этапаваць у турму ў населеным пункце Сечаўцы. Яна выказала здагадку, што Дзьмітрыя маглі затрымаць з прычыны ілжывых абвінавачаньняў ад імя аднаго з уцекачоў, якія жывуць у лягеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я нібыта трапіў у беларускі ІЧУ». Беларусы расказалі пра ўмовы ў лягеры для ўцекачоў у Славаччыне