Пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў Турэччыны Алі Ерлікая ў сацыяльнай сетцы X. Ён назваў атаку «тэрарыстычнай».
Выбух і стрэлы прагучалі 23 кастрычніка на аб’ектах турэцкай аэракасьмічнай кампаніі TUSAŞ у раёне Кахраманказан у Анкары.
Празь нейкі час прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, які знаходзіцца на саміце Brics у Казані, заявіў пра чатырох загінулых. Ерлікая паведаміў, што двое нападнікаў забітыя.
Міністар юстыцыі Турэччыны Йылмаз Тунч паведаміў, што пракуратура Анкары распачала расьсьледаваньне па факце здарэньня.
Генсакратар NATO Марк Рутэ выказаў занепакоенасьць тым, што здарылася, падкрэсьліўшы, што альянс асуджае тэрарызм ва ўсіх яго формах і ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў.
CNN Türk піша, што нападнікі — у іх ліку жанчына — прыехалі да прадпрыемства на таксі і пасьля выбуху ў КПП адкрылі страляніну. Habertürk сьцьвярджае, што пасьля першага выбуху на аб’екце адбыўся другі.
Нямецкі тэлеканал ntv паведамляе са спасылкай на турэцкія СМІ пра ўзяцьце закладнікаў. Афіцыйныя органы Турэччыны гэта не пацьвярджалі.
Турэцкая аэракасьмічная кампанія TUSAŞ займаецца распрацоўкай, а таксама выпускам верталётаў, самалётаў, у тым ліку зьнішчальнікаў, дронаў і спадарожнікаў.
Паводле паведамленьня нямецкага тэлеканала ntv, на гэтым тыдні ў Турэччыне праходзіць выстава абароннай, аэракасьмічнай і авіяцыйнай прамысловасьці. На абаронны сэктар прыпадае амаль 80% экспарту Турэччыны. У 2023 годзе краіна экспартавала абароннае абсталяваньне на суму 10,2 мільярда даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне адбыўся выбух на ракетным заводзе, 5 чалавек загінулі